У аддзеле загс Лёзненскага райвыканкама прапануюць рэгістрацыю немаўлят па старадаўнім беларускім звычаі.
Праводзіць яе начальнік загса Галіна Бандаркова (на фота) – пераможца абласнога беларускамоўнага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, у намінацыі “Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду рэгістрацыі нараджэння”.
Зарэгістраваць сваю дачушку Варвару ў адпаведнасці з традыцыямі продкаў першымі пажадалі жыхары Лёзна Вайноўскія. Сяргей Барысавіч – індывідуальны прадпрымальнік, Кацярына Аляксандраўна – дыспетчар райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Уручэнне ім пасведчання аб нараджэнні першага дзіцяці стала ў мясцовым загсе першай спробай аднаўлення радзіннага абраду. Сцэнарый урачыстасці быў распрацаваны пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Да ажыццяўлення задуманага спрычыніўся народны фальклорны калектыў “Медуніца” на чале з Ганнай Макравусавай, якая дзесяцігоддзямі збірае матэрыялы пра тутэйшыя звычаі.
…У суправаджэнні аўтамабіля ДАІ бацькі з малой ехалі ад царквы да загса на запрэжаных канём калёсах – седзячы на саломе, накрытай даматканай посцілкай. А бабцю-павітуху ў выкананні самадзейнай артысткі везлі з хатульком на калясцы, паверх якіх ляжала барана – сімвал дабрабыту. На ганку загса ўсіх спевамі і музыкай вітала “Медуніца”.
У зале, упрыгожанай адмысловымі ручнікамі з Дома рамёстваў, цырымонія доўжылася 20 хвілін. За віноўніцай урачыстасці наглядала бабуля. Бацькі стаялі на стракатым тканым ходніку. Хросныя бацька і маці маленькай Варвары, як і вядучая цырымоніі Галіна Бандаркова, былі апрануты ў нацыянальныя беларускія строі. Спачатку – уласна рэгістрацыя ў адпаведнасці з заканадаўствам, на тытульнай мове. Сям’ю таксама вітала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Дзерваед. Затым – прыгожыя элементы старадаўняга абраду. Павітуха запрасіла ўсіх пачаставацца спецыяльна згатаванай кашай. Лыжку яе кожны госць за “грошык” змог купіць пасля таго, як хросны разбіў гаршчок. Бацькам уручалі каравай, каб жыццё іхняе і дачушкі было багатым, змястоўным, шчаслівым. Сужэнцы Вайноўскія дарылі павітусе адрэз на сарафан, хроснай – жакет, хроснаму – кашулю. А хросныя – бялюткую сукеначку малой, і пятачок пад пятачку паклалі, каб дзяўчынка хутчэй расла.
– Цырымонія прайшла на адным дыханні, – паведаміла Галіна Бандаркова.
Усе ўдзельнікі рэгістрацыі нараджэння Варвары Вайноўскай засталіся вельмі задаволеныя, бо атрымалася прыгожа і цікава. А кошт такой паслугі загса – сімвалічны.
– Замест сухой афіцыйнай цырымоніі – сапраўднае свята! Нават не думаў, што рэгістрацыя малых можа быць незвычайнай, яркай, вясёлай. Запомніцца на ўсё жыццё. Мы з Кацярынай ужо вырашылі, што і наступных сваіх дзетак будзем запісваць гэтак жа, – сказаў Сяргей Вайноўскі.
Фота Антона Сцепанішчава