З пастаўчанамі Ганнай і Андрэем Жукамі пазнаёмілася пяць гадоў таму. Маці пецярых дзяцей узнагародзілі ордэнам Маці, і гэта паслужыла падставай для сустрэчы. Тады размова шла пра дзяцей — чатырох дзяўчынак і аднаго хлопчыка. На днях з Ганнай сазваніліся зноў. Падстава – прыбаўка ў сям’і: у разгар пандэміі ў ёй нарадзілася шостае дзіця, дзяўчынка.
– Калі даведалася, што зацяжарыла, найперш была радасць. А пасля з’явілася трывога. Як не захварэць самой, вынасіць здаровае дзіця, нарадзіць без ускладненняў. Даверылася Усявышняму, і ў лістападзе на свет з’явілася Агата. Вядома, асцерагалася сама і ўсе члены сям’і. Пераехалі ў вёску, дзеці вучыліся дыстанцыйна, абмежавалі кола зносін. На абследванні ездзіла дакладна не толькі па днях, а і па гадзінах. Раджала дачку, як і папярэдніх дзяцей, таксама ў Паставах. Урачы ў нас добрыя.
Агата ж – для ўсіх радасць. Кожны знаходзіць час, каб патрымаць малую на руках, пазабаўляцца з ёй. А мне для шчасця многага не трэба: радая, што ўсе здаровыя, цешуся поспехамі дзяцей… Яны растуць, і з гадамі мяняюцца іх характары, інтарэсы.
Кацярына сёлета стала студэнткай універсітэта імя П. М. Машэрава, займаецца на мастацка-графічным факультэце. На змену празмернай сарамлівасці прыйшла бойкасць. Актыўна ўдзельнічае ў студэнцкім жыцці. Паспяхова здала экзамены за першы семестр.
Саша вучыцца ў Пастаўскім каледжы. Цяпер ён мой галоўны памочнік. Па-ранейшаму захапляецца спортам, выступае за навучальную ўстанову ў камандах па футболе, валейболе.
Змянілася і Насця – вясёлая, энергічная. Вучыцца паспяхова ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах, займаецца валейболам. Праўда, фартэпіяна памяняла на цымбалы, якія на Пастаўшчыне з’яўляюцца галоўным інструментам. Сама асвоіла гітару. Дома часта музыцыруе. Яна сапраўды можа рэалізавацца ў творчасці.
Свае поспехі ў Маргарыты. Яе вабіць плаванне, удзельнічае ў спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Першыя поспехі мае і Крысціна, якая цяпер вучыцца ў другім класе. У пяць гадоў аддалі яе ў цыркавую студыю «Каскад». Выступае на сцэне.
Дзеці ў сям’і Жукоў дружныя, як, дарэчы, і бацькі, якія стараюцца ўсё рабіць разам. Ганна дапамагае мужу выконваць заказы, ён ёй па хатняй гаспадарцы. Кожны рубель у сям’і на ўліку. Каб падмацаваць сямейны бюджэт, заняліся агратурызмам. Сядзіба іх папулярная, заявак на адпачынак прыходзіць многа. Задаволіць іх пакуль не могуць. Дом невялікі, а новы, што ўзводзяць ужо не адзін год, закончыць пакуль не хапае сродкаў. На падворку летам заводзяць парасят, птушак, вырошчваюць бульбу, гародніну, робяць запасы саленняў ды варэнняў, каб хапіла на зіму.
– Як бачыце будучае дзяцей? – пыталася ў маці. Адказ быў не зусім такі, які чакала:
– Пакуль я назіраю за імі, як растуць, мяняюцца звычкі, перавагі ў прафесіях. Сваіх поглядаў і меркаванняў ім не навязваю. Павінны сфарміраваць свае і зрабіць свой выбар. Важна, каб выраслі годнымі людзьмі, уважлівымі і ўдзячнымі сынамі і дочкамі, знайшлі сябе і былі шчаслівыя.
Фота з сямейнага альбома.