Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Старшыня Юнькаўскага сельвыканкама: «У пэўнай ступені наш аграгарадок вызначае твар Пастаўшчыны»

Як і узроўні мясцовай улады, Вячаслаў Врублеўскі сумяшчае пасады старшыні Юнькаўскага сельскага Савета дэпутатаў і старшыні сельвыканкама. Абедзве скіраваны на арганізацыю жыцця людзей, стварэнне дабрабыту, вырашэнне шматлікіх пытанняў узаемадзеяння ўлады і насельніцтва.

Асаблівасць сельсавета ў тым, што ён прыгарадны,– ахарактарызаваў адміністрацыйную адзінку старшыня Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. – Блізкасць да райцэнтра накладвае адбітак на жыццё яго жыхароў. Яны, з аднога боку, больш актыўныя, з другога – і больш патрабавальныя да парадку на зямлі, стану дарог, работы мясцовых устаноў. Вячаслаў Людвігавіч у пастаянным руху, і, трэба сказаць, менавіта пры ім у сельсавеце адбылося шмат станоўчых змен.

Расказаць пра ўсе, вядома, немагчыма, як і правільна вызначыць іх важнасць. Для кагосьці паўкіламетра зробленай дарогі да могілак – справа звычайная. А для тых, хто гадамі штурмаваў тыя 500 м, гразнучы ў непраезнай каляіне, – самы дарагі падарунак. Такой «драбязы» на рахунку старшыні не адзін дзясятак. Сельскія дарогі, пад'езды да могілак, догляд за воінскімі пахаваннямі і помнікамі – пастаянны клопат кіраўніка сельсавета. Як і навядзенне парадку на зямлі.

– У пэўнай ступені Юнькі вызначаюць твар раёна, – сказаў Вячаслаў Врублеўскі. — Праз наш аграгарадок пралягаюць два папулярныя маршруты. Тое, што людзі бачаць з вокнаў машын і аўтобусаў, фарміруе іх уражанні пра Пастаўшчыну і пра людзей як гаспадароў. Юнькаўцы разумеюць гэта і ўсё больш наводзяць парадак і прыгажосць ля сваіх дамоў, удзельнічаюць у агульных работах па добраўпарадкаванні вёскі.

Напрыклад, разам разбівалі ўздоўж дарогі і ля помніка кветнікі, садзілі дэкаратыўныя туі і ядловец, абнаўлялі парк, уладкоўвалі пляцоўкі для дзяцей.

Канешне, не ўсё са зробленага зайграе прыгажосцю ў першы год. Дрэўцам трэба падрасці, недзе давядзецца ўнесці карэктывы ў паркавы дызайн. Але пачатак пакла­дзены, застаецца не спыняцца, і агульны дом юнькаўцаў набудзе яшчэ больш прывабны выгляд.

У апошнія гады аграгарадок і іншыя вёскі выбірае ўсё больш маладых сем'яў. І горад блізка, і ўсе патрэбныя для жыцця службы побач з домам. Вось і купляюць тут сядзібы, бяруць участкі пад узвядзенне новых. Ужо сёлета на тэрыторыі сельсавета здалі ў эксплуатацыю сем дамоў агульнай плошчай больш за 1 тыс. кв. м. Яшчэ 26 сем'яў будуюць іх, чатыры – у саміх Юньках.

Сельвыканкам актыўна выстаўляе на продаж ці спрыяе ў гэтай справе ўладальнікам грамадскіх пабудоў і тым, каму дасталіся ў спадчыну дамы і не выкарыстоўваюцца новымі гаспадарамі. Так, будынак школы ў вёсцы Шыркі стаў прывабнай аграсядзібай з прыгожай сталовай, дзе намячаецца першы банкет з нагоды вяселля. Шэраг дамоў купілі дачнікі, а яны, хоць і не жывуць пастаянна, за сваімі сядзібамі прыглядаюць спраўна.

Але і пустуючых дамоў у сельсавеце нямала. Практычна паўсотні трэба было б знесці. Справа гэтая няпростая – стосы лістоў перапісак, зваротаў у суд. І тут важна знайсці паразуменне з асобамі, якія маюць права на ўладанне пабудовамі. Юнькаўскаму старшыні ўдаецца з многімі знайсці агульную мову. Напрыклад, каб людзі самі знеслі, прадалі дом на дровы ці на вываз. За апошні час чатыры такія развалюхі перасталі псаваць выгляд населеных пунктаў. Адзін дом знесены сёлета за бюджэтныя сродкі. Да канца года, магчыма, атрымаецца разабраць гаспадарчым спосабам яшчэ адзін.

Сярод самых значных змен у Юньках – будаўніцтва станцыі абезжалезвання, рамонт водаправода, абсталяванне санітарна-гігіенічных памяшканняў у сельскім Доме культуры, з'яўленне ў школе другой групы дзіцячага сада.

Акрамя таго, тут лепшы ў раёне ФАП, непадалёку на рэчцы Мядзелка абсталявана прыгожае месца адпачынку з альтанкамі, лаўкамі, адрамантаваным мастком, адкуль цяпер пачынаюцца сплавы на байдарках.

І мясцовыя жыхары заслугоўваюць увагі. Алене Лысковай урачыста ўручылі ордэн Маці, сям'я Аляксандра і Алены Зубко выйграла рэспубліканскі этап праекта «Уладар сяла», шумна адгуляла свята вёска Агароднікі…

 – Наперадзе новыя справы, якія павінны зрабіць жыццё вяскоўцаў больш заможным, уладкаваным і насычаным на прыемныя падзеі, – падкрэсліў Вячаслаў Врублеўскі. – У бліжэйшых планах – талака па абнаўленні 100 пралётаў вулічнай агароджы. Грошы для набыцця фарбы выдзеліў райвыканкам, работа – сваімі сіламі. Адным словам, як будзем жыць, залежыць ад нас саміх.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ