Удзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава прымала ў другі раз. Уражанне, кажа, атрымала моцнае і цяпер спяшаецца падзяліцца ім з жыхарамі краю.
Амаль штодзень бывае ў калектывах, расказвае пра задачы, пастаўленыя на народным вечы, пра месца раёна ва ўсеагульнай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, пра іншыя важныя моманты сённяшняга жыцця.
— Здавалася, што ўсе гэтыя моманты ўсебакова агучыла тэлебачанне, — сказала адна з работніц ААТ «Узмёнскі край». – Але расказ пра ўбачанае, пачутае і перажытае з першых вуснаў кранае больш глыбока. Магчыма, таму, што, акрамя агульных задач, чуем пра тыя, што давядзецца самім вырашаць, пра поспехі і недагляды, пра тое, што самі хацелі б і павінны змяніць у сваім жыцці.
А пачутае і жаданае падчас такіх сустрэч пераплятаюцца цесна. ААТ «Узмёнскі край», па ацэнцы яго ж работнікаў, не горшая ў раёне гаспадарка. Пяцігодку скончыла з прыростам практычна па ўсіх паказчыках. Толькі гэтага павелічэння надояў, прывагаў і ўраджайнасці крыху не хапіла, каб выйсці на пастаўленыя рубяжы. Таму сёлета трэба пастарацца спрацаваць больш эфектыўна. На гэта і нацэльвала жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства падчас сустрэчы Марыя Баніфатава і разам з тым абнадзейвала, што ўрад не пакіне вяскоўцаў сам-насам з існуючымі праблемамі, падставіць плячо, захавае сацыяльную скіраванасць дзяржавы.
— Чалавек быў і застаецца ў цэнтры ўвагі, не раз падкрэсліў у сваім дакладзе Прэзідэнт, — нагадвала яна прысутным. — А сям’ю кіраўнік краіны наогул разглядае як галоўны прыярытэт.Таму па-ранейшаму значная ўвага будзе надавацца мацярынству і маладым сем’ям, якія дзяржава падтрымлівае пастаянна, асабліва пры нараджэнні дваіх, траіх і больш дзяцей, што, у сваю чаргу, павінна паўплываць на дэмаграфічную бяспеку краіны, у тым ліку і на мясцовым узроўні.
Летась, напрыклад, у раёне здалі ў эксплуатацыю больш за 6 тысяч кв. м жылля. З 26 шматдзетных сем’яў 24 палепшылі свае жыллёвыя ўмовы шляхам долевага ўдзелу ў будаўніцтве шматкватэрнага дома. Сёлета плануецца будаўніцтва чарговага 40-кватэрнага ў райцэнтры. Новыя ўмовы атрымаюць вучні СШ №3 імя Я. Томкі, капітальны рамонт якой фінансуе Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Субвенцыі з рэспубліканскага дарожнага фонду дапамаглі прадоўжыць капітальны рамонт вуліцы Камуністычнай у райцэнтры.
Адным словам, выканаўчая і заканадаўчая ўлады сумесна робяць усё магчымае для развіцця Міёршчыны і паляпшэння дабрабыту яе жыхароў. У 2020 годзе раён меў заданне стварыць 70 рабочых месцаў, створана 253. Яшчэ 20 новых дасць завод па пераплаўцы анодаў – адходаў металапракатнай дзейнасці. Кваліфікаваныя спецыялісты патрабуюцца на металапракатны завод, патрэбны таксама аграномы, заатэхнікі, механізатары.
— Дзяржава падтрымлівае тых, хто хоча працаваць, — не раз падкрэсліла Марыя Баніфатава. – У раёне адкрыта каля 300 вакансій. Каго яны не цікавяць, ёсць умовы для самазанятасці, вядзення падсобнай гаспадаркі. На падвор’ях вяскоўцаў налічваецца 1200 кароў, гаспадары якіх прадалі дзяржаве больш за 4 тыс. т малака. Працуюць 17 сялянска-фермерскіх гаспадарак. А ўсяго ў раёне зарэгістраваны 383 суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
На павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці скіравана мадэрнізацыя шэрагу МТФ. У прыватнасці, у СУП «Цітова» намечана пераабсталяванне былога свінагадоўчага комплексу пад малочнатаварную ферму, рамонт ферм плануецца і ў іншых гаспадарках.
Усё сказанае на форуме, запланаванае ў раёне будзе ўвасабляцца агульнымі намаганнямі. А для гэтага патрэбна адзінства — кіраўнікоў і рабочых, пенсіянераў і моладзі, усіх і кожнага. Пастаўлена задача выходзіць на прыбытковую работу па кожным прадпрыемстве. Ёсць рэзервы ў павышэнні эфектыўнасці працы, зніжэнні затрат, укараненні прагрэсіўных метадаў гаспадарання. Яшчэ ўмацоўваць працоўную дысцыпліну, павышаць адукацыйны ўзровень кадраў, эканоміць рэсурсы. Неабходны крытычны падыход у ацэнцы дзейнасці ўсіх структур, прыняцці мер па выкананні планаў і росту даходаў насельніцтва.
Толькі працай мы развіваем сваю краіну, ствараем дабрабыт для сябе. Нездарма галоўным лейтматывам новай пяцігодкі сталі словы: «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць».