Рэцэптамі здароўя падзяліўся з жыхарамі Полаччыны адметны Беларускі акцёр і тэлевядучы, аўтар вядомай перадачы «Падарожжа дылетанта» Юрый Жыгамонт. Сустрэча адбылася ў межах кампаніі па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў «Выбірай сэрцам!».
Пасля Полацка аналагічныя акцыі пройдуць ў гарадах Горкі, Ашмяны, Слонім, Сянно, іх арганізатарам выступае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.
– Наша мэта, – патлумачыла прадстаўнік арганізацыі Святлана Анацко, – абудзіць у людзях жаданне клапаціцца пра сваё здароўе. Гэтым разам вядзём размову пра хваробы сэрца, інфармуем, як знізіць рызыку іх развіцця. Спачатку ў розных рэгіёнах Беларусі арганізавалі адмысловыя ўрокі для школьнікаў, а потым вырашылі падштурхнуць да развагі жыхароў больш сталага ўзросту. Рады, што нас падтрымліваюць вядомыя ў краіне людзі.
Нестандартны фармат кампаніі толькі дадаў ёй увагі. Зала полацкай гімназіі №1 ледзь змясціла ўсіх, хто пажадаў сустрэцца са знакамітым «дылетантам».
Юрый Жыгамонт прывітаў публіку сваім фірменным «Вечар добры, шаноўнае панства-спадарства!», а потым больш за гадзіну адказваў на пытанні, узгадваў вясёлыя моманты сваіх вандровак, адкрыта і дасціпна распавядаў пра ўсё, што цікавіла слухачоў. Але найперш паведаміў, чаму адразу пагадзіўся падтрымаць ініцыятыву Чырвонага Крыжа.
Год таму акцёр перанёс інфаркт міякарда, а следам – складаную аперацыю на сэрцы. З-за хваробы выпуск перадач «Падарожжа дылетанта» быў прыпынены.
– Спачатку здалося, што пасля гэтага людзі ўжо не жывуць. Я падумаў: як жа так, яшчэ столькі вёсак не паспеў аб’ехаць?! Аказваецца, не, паміраць было рана. Проста Бог мне нагадаў: трэба сачыць за сваім здароўем, каб зноў падарожнічаць па Беларусі і распавядаць гледачам пра наш цудоўны край, – паведаміў Юрый Жыгамонт.
Ён змог пераадолець цяжкі перыяд і вярнуцца да любімай справы. Але для гэтага давялося змяніць лад жыцця: адмовіцца ад шкодных звычак, хадзіць раніцай па 5 км, заняцца фізкультурай, больш пільна сачыць за сабой.
Якія яшчэ рэцэпты здароўя мае Юрый Уладзіміравіч?
Духоўную моц яму дае сувязь з продкамі і роднай зямлёй. Пасля таго як даведаўся, што дзед быў расстраляны ў 1937-м, вырашыў скласці сямейнае дрэва. Сядзеў у архівах, вывучаў радавод. І, калі знаходзіў новыя імёны сваіх прашчураў – быццам атрымліваў дадатковую сілу, адчуваў, як нешта абуджаецца ў душы.
– Чым глыбей карані, тым мацнейшае дрэва. Так і людзі. Усім нам, беларусам, трэба ведаць, адкуль мы пайшлі, берагчы свае карані – і тады ніякая бура нас не зламае, – дзяліўся разважаннямі Юрый Жыгамонт.
Пры падрыхтоўцы кожнай новай перадачы ён падоўгу працуе ў бібліятэцы, каб больш даведацца пра мінуўшчыну таго ці іншага мястэчка. Але стомленасці пры гэтым не адчувае, бо любімая праца таксама дадае чалавеку жыццёвых сіл.
Сапраўднымі лекамі для душы акцёр лічыць кнігі. Калісьці так упадабаў паэму «Тарас на Парнасе», што ўзяў ды вывучыў на памяць, а пры нагодзе з ахвотай цытуе ў размове. «Новую зямлю» Якуба Коласа рэкамендуе чытаць з любой старонкі пры дрэнным настроі – прыгажосць роднай мовы і прыроды настолькі зачаруюць, што не заўважыш, як супакоішся, атрымаеш задавальненне.
– Хіба можна ўявіць, што вясёлку пасля дажджу ці вясновы луг, дзе шмат кветак, раптам пафарбавалі ў адзін колер? Розныя мовы і культуры ствараюць хараство сусвету. А мы ў адказе за тыя колеры, якія даў нам Бог, – сказаў Юры Жыгамонт пра шанаванне роднай мовы.
Сябе ён называе стапрацэнтным беларускім падарожнікам, бо вандруе толькі ў межах Беларусі, пра што ніколькі не шкадуе. Любімай лічыць кожную вёску, бо кожны куточак Радзімы – прыгожы, адметны і мае сваю энергетыку.
А вось яшчэ адно правіла ад госця Полаччыны: «Трэба памятаць дабро і забываць зло, якое нас разбурае. Рабіць больш добрых спраў, жыць з пазітывам – тады і не будзем хварэць».
Фота Ларысы МАЛАШЭНI.