-Заслужыла, – скажа на гэта начальнік Пастаўскага раёна газазабеспячэння Мікалай Жданковіч. – Мы ганарымся, што з трох раёнаў — Пастаўскага, Глыбоцкага і Докшыцкага, якія ўваходзяць у склад вытворчага ўпраўлення «Глыбокаегаз», менавіта члену нашага калектыву прысвоена гэтае званне. Наталля Уладзіміраўна работнік бездакорны. Больш за 20 гадоў працуе ў газавай службе. Прымала заяўкі ад насельніцтва на дастаўку балонаў, дзяжурыла ў аварыйнай службе, потым паставілі кантралёрам. Акрамя непасрэдных абавязкаў, адказвае за ўнясенне дадзеных па абслугоўванні ўнутрыдамавога газавага абсталявання, шмат працуе з дакументацыяй. А цяпер яшчэ і настаўнічае – уводзіць у курс справы маладога майстра Віталія Протаса.
– Некалі я таксама мела настаўніка ў асобе майстра Часлава Зянонавіча Раманоўскага, удзячнасць якому нясу праз усё жыццё. У калектыў прыйшла практычна без вопыту зносін з людзьмі. Сваім прыкладам і падказкамі ён вучыў, як пазбягаць канфліктных сітуацый, а калі ўзніклі, выходзіць з іх, як рацыянальна арганізаваць рабочы дзень, раіў паглыбляць веды, асвойваць работу іншых участкаў. Сёння скажу, што ўсе яго падказкі спатрэбіліся.
З кліентамі заўсёды знаходжу паразуменне. Абсалютная большасць гаспадароў дамоў і кватэр, куды прыходжу здымаць паказчыкі лічыльнікаў спажывання блакітнага паліва, сустракаюць прыязна. Добрыя адносіны з калегамі па рабоце. Усё ў прафесіі складваецца ўдала.
Недзе прачытала выраз: «Я люблю сваю работу, я прыйду сюды ў суботу», – гэта і пра мяне. Калі ўзнікае неабходнасць, і ў выхадны дзень спяшаюся на рабочае месца. Здараецца, трэба папрацаваць з дакументамі, у спакойнай абстаноўцы ўчытацца ў інструкцыі, пашырыць навыкі ў карыстанні вытворчай камп'ютарнай праграмы.
Засядзецца ў кабінеце з Наталляй Раманенка не давялося. Раз-пораз да яе заглядалі саслужыўцы, што без слоў гаварыла пра яе запатрабаванасць у калектыве.
Фота з асабістага архіва Наталлі Раманенка.