Традыцыйны жнівеньскі фэст ушанавання Маці Божай Браслаўскай — Валадаркі азёраў — сабраў ля палявога алтара сотні католікаў з розных куткоў Беларусі.
Сёлетняе свята супала з шэрагам значных юбілеяў у жыцці парафіі: 600-годдзем яе ўтварэння, 200-годдзем з часу пабудовы мураванага касцёла, 25-годдзем з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
Каб адсвяткаваць іх ра-зам, а галоўнае, у глыбіні душы адчуць Бога, прысутнасць яго Маці, прыйшлі ў Браслаў пешшу, прыехалі на веласіпедах, дабраліся на аўтобусах і аўтамабілях шматлікія іерархі і простыя вернікі незалежна ад іх веравызнання.
Перад алтаром стаялі біскупыі святары, прадстаўнікі ўлады, католікі і праваслаўныя, мусульмане — усе, хто шануе Марыю ў браслаўскім алтары.
У спакойнай сямейнай абстаноўцы яны дзяліліся з ёй сваімі радасцямі, дзякавалі за жыццё, дзяцей, прасілі аб міры на зямлі, вырашэнні шматлікіх жыццёвых праблем. Верылі, што дапаможа, бо яе валадарства – месца сілы для жыхароў Віцебшчыны.
Павел з Оршы прыйшоў да Маці Божай, каб зразумець, якой дарогай яму ісці далей, якую прафесію выбраць і якім чынам паслужыць на карысць грамадства і касцёла.
Дарэчы, сярод пілігрымаў у апошнія гады расце колькасць маладых вернікаў.
Тры дні ішлі пад спякотным сонцам да Маці больш за сто вернікаў з Глыбокага. Начавалі па хатах жыхароў прыдарожных вёсак, у школе. У большасці сваёй гэта маладыя людзі, якія даказвалі сабе моц сваёй веры. Увайшоўшы ў храм, яны традыцыйна ляглі перад алтаром і дзякавалі, што сярод іх не аказалася слабых духам, што дайшлі ўсе і могуць пагутарыць з Валадаркай пра самае патаемнае.
Ішлі маладыя пілігрымы з Міёр, Удзела, Пастаў… Што шукаюць і знаходзяць яны ў веры, што прымушае іх ісці ў Браслаў, часам з маленькімі дзецьмі?
– Мы прыйшлі падзякаваць Маці за сямейнае шчасце, за дзяцей, – сказалі Юлія і Хадзі, якія трымалі за рукі трох дачок.
Хадзі мусульманін, ён прасіў дазволу ў біскупа на ўдзел ў хрысціянскіх святах і атрымаў яго. Але пры палявым алтары ён быў не адзіны мусульманін. Абшчына татар на Браслаўшчыне вялікая, і сярод іх нямала тых, хто верыць у дабрыню і мудрасць Валадаркі азёраў.
Каго ні пытала, большасць гаварылі, што ў свяце ўдзельнічаюць не першы раз, што ў іх свае вельмі шчырыя адносіны з нябеснай Заступніцай.
– У мяне гэта трэцяе паломніцтва ў Браслаў, – казаў Улад. – Прыйшоў, каб атрымаць тут сакрамант канфірмацыі.
Такіх, пажадаўшых стаць Божымі воінамі, несці веру іншым, было каля ста чалавек.
І яшчэ практычна столькі ж маладых людзей на працягу тыдня займаліся ў школе спеваў, каб падчас святой імшы ўпрыгожыць яе песнапеннем. На караблі палявога алтара стаялі юнакі і дзяўчаты з Мінска, Магілёўскай, Гомельскай, Віцебскай абласцей, іх кіраўнікі – арганіст архікатэдральнага касцёла ў Мінску, дацэнт дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Неўдах, галоўны дырыжор дзяржаўнай акадэмічнай капэлы РБ імя Рыгора Шырмы, кіраўніца хору «Салютарыс» Вольга Янум, выкладчыца школы арганістка Ірына Арлоўская.
Фэст не абмежаваўся толькі святой імшой ля палявога алтара. У касцёле праходзілі службы, якія цэрабравалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч. Вернікі ў святочнай працэсіі са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза прайшлі па начных вуліцах райцэнтра. Арганісты далі ў касцёле канцэрт арганнай музыкі.
Напэўна, ва ўсіх, хто ўдзельнічаў у святочных мерапрыемствах, былі свае просьбы. Большасць іх святары агучылі падчас розных службаў, якія прайшлі ў касцёле: як важна цаніць зямлю, дзе жывём, не забываць законы Божыя і дзяржаўныя, берагчы мір і маліцца за яго і за Бацькаўшчыну.
Са словамі прывітання да ўдзельнікаў фэсту звярнуліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы аблвыканкама Іван Здзесеў і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка.
Галоўнай жа падзеяй свята стала наданне Браслаўскаму санктуарыю тытула малой базілікі.
Фота аўтара.