Полацк зноў стаў месцам прыцягнення прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку. Сюды з розных куткоў Беларусі, Расіі і нават з Літвы прыехалі больш за тысячу спартсменаў і аматараў бегу, каб прыняць удзел у трэцім начным паўмарафоне “Ласіная сцежка. Старажытны горад”.
Традыцыйна пляцоўкай для правядзення спаборніцтваў стаў парк у падножжа Кургана Бесмяротнасці.
Тут не толькі праходзілі трасы і асноўныя старты, але былі абсталяваны ўтульныя месцы для адпачынку і харчавання.
Арганізатары начнога паўмарафону – індывідуальны прадпрымальнік Антон Навічэнка, аддзел спорту і турызму Полацкага райвыканкама, ГСА «Беларуская федэрацыя арыентавання»
Полацкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Прыдзвінне».
- Наш праект “Ласіная сцежка” існуе з 2016 году. У асноўным мы спецыялізуемся на трэйлавых трасах (па бездарожжы), менавіта таму і “ласіная”, - патлумачыў Антон Навічэнка. – Захацелася прадэманстраваць прыгажость роднага Полацка жыхарам суседніх абласцей, так з’явіўся начны паўмарафон па вуліцах самага старажытнага горада краіны, дзе кожны куток пранізаны таямніцамі гісторыі.
У гэтым годзе ўдзельнікаў больш у два разы, чым у мінулым. Начны паўмарафон усё больш набірае папулярнасць, прычым не толькі сярод жыхароў Беларусі, але і замежных спартсменаў, якія прыязджаюць на Віцебшчыну, каб паставіць новыя асабістыя рэкорды і выпрабаваць свае сілы.
-Сёлета тэлефон не змаўкаў літаральна ні на хвіліну, столькі было жадаючых прыехаць і паўдзельнічаць, нават тады, калі афіцыйная рэгістрацыя была закрыта, але мы вырашылі даць магчымасць кожнаму далучыцца да нас. Прыемна, што становіцца ўсё больш удзельнікаў з Віцебскай вобласці, бо раней іх была мінімальная колькасць, - падзяліўся Антон Уладзіміравіч.
У гэтым годзе траса крыху адрознівалася ад той, што была летась. Так, асноўная частка забегаў прайшла ў парку і па Ніжне-Пакроўскай вуліцы да Сафійскага сабору. Але трэба зазначыць, што гэты маршрут самы маляўнічы.
Жадаючым выпрабаваць сябе на вынослівасць і прадэманстраваць хуткаць, арганізатары прапанавалі некалькі дыстанцый для розных узроставых катэгорый: для дзяцей - 300 м і 1.5 км, для падлеткаў - 3 км, для дарослых мужчын і жанчын – 5 км, 10.55 км, 21.097 км.
Усе ўдзельнікі спаборніцтваў на фінішы атрымалі медаль.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны кубкамі і прызамі ад партнёраў, а на самай доўгай дыстанцыі - і грашовымі прызамі.
Але галоўнае, як зазначылі спартсмены, нават не перамогі і асабістыя рэкорды, а сяброўская атмасфера, новыя знаёмствы і атрыманыя эмоцыі.
Дарэчы, арганізатары падрыхтавалі і пазнавальны інтэрактыў “Актыўная адукацыя”. На адной з пляцовак для адпачынку можна было паслухаць лекцыю ад трэнера ўніверсальнай школы бегу Runos Аляксандра Ходана. Ён расказаў прысутным пра падрыхтоўку да забегаў і асноўныя прынцыпы выхаду на пік формы.
Дар’я Ляўко з Гродна:
- Мы са своёй камандай вырашылі прыняць удзел ва ўсіх забегах праекту “Ласіная сцежка”. І вось ужо дайшлі да пятага ў гэтым годзе – начнога паўмарафона. Нам з сябрамі вельмі падабаецца арганізацыя спаборніцтваў, шыкоўныя трэйлы і класныя старты. Сёння мая дыстанцыя 10 км, бягу не на вынік, а каб адчуць асалоду ад атмасферы.
Аляксандр Даюжын, Магілёў:
- Упершыню буду прымаць ўдзел у начным паўмарафоне, а вось мае сябры ўжо ў трэці. Пабяжым з хлопцамі 21 км. Паспелі пагуляць па старажытных вуліцах, цяпяр нас чакае начное падарожжа пад светам ліхтароў. Галоўнае, чаго чакаем ад гэтага забегу, - незабыўныя ўражанні і эмоцыі.
Кірыл Лебедзеў, Бараўляны:
-Займаюся бегам тры гады. Прыехаў у Полацк, каб пабіць свой рэкорд. Як і ў мінулым годзе вырашыў паспрабаваць сілы на адлегласці 5 км. Вынік мяне парадаваў – прыйшоў на фініш другім, саступіўшы некалькі секунд свайму былому трэнеру. У наступным годзе абавязкова зноў прыеду сюды, каб ўдзельнічаць у стартах “Ласінай сцежкі”.
Фота аўтара.