Эдгар Мілашэвіч зрабіў бацькоўскі дом у Друі прыкметным. Калі раней вадзіцелі і пешаходы, падыходзячы да маста праз Друйку, больш глядзелі на дарогу, то цяпер выкручваюць шыю, каб убачыць монстра, які праглядае з двара. Тыя, хто цікаўней і пасмялей, заварочваюць на сядзібу, каб бліжэй разгледзець ці сфатаграфавацца ля яго. Моладзь ведае, што гэта герой камп’ютарнай гульні Dota2 – марудны і непаваротлівы.
Гэта не першы персанаж гульні, зроблены Эдгарам. Але раней ён ляпіў іх з палімернай гліны, набіваў руку на творах невялікіх памераў. Аднойчы нават паказаў на выставе, што ладзіў Музей традыцыйнай культуры. Потым на нейкі час лепкай не займаўся, а сёлета замахнуўся на гіганцкую скульптуру Tiny.
На выраб яе спатрэбіліся два месяцы, амаль тона цэменту, а яшчэ больш цэглы ды камення. Увесь свой вольны час, а працуе ён у мясцовай сярэдняй школе, праводзіў у двары.
– Думаю, важыць каля 10 тон, – прыкідваў вагу скульптуры стваральнік. – З месца не зрушыць.
Зараз друйчанін распісвае ў Браславе тынкаваныя сцены шэрагу дамоў. Напрыклад, на вуліцы Садовай стварыў малюнак старога горада.
– Давялося распісваць сцены ў былым дзіцячым доме, цяпер у школе, – сказаў Эдгар. – Але ўвогуле мне больш падабаецца лепка.
Ён скончыў вучылішча ў Віцебску, дзе яго навучылі ствараць мастацкія вырабы з керамікі. Цяпер вось удасканальваецца такім чынам.
– Гэты занятак мяне вабіць, буду працягваць займацца ім, але што зраблю наступным, пакуль не ведаю.
Фота з асабістага архіва Эдгара Мілашэвіча.