Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Жыццё па картке, або Ці можа сёння “пластык” стаць 100-працэнтнай заменай наяўных грошай?

Тых, хто зараз карыстаецца банкаўскай пластыкавай карткай адзін-два разы ў месяц і выключна для таго, каб зняць з яе грошы, я, прабачце, адношу да неандэртальцаў. Толькі чалавек з далёкага мінулага можа ігнараваць даброты сучаснасці і працягваць жыць у каменным веку. А тым, у каго б’ецца сэрца, адстававаць ад часу — глупства ці нават злачынства. Асабліва, калі змены вядуць да нечага добрага і карыснага, а вы застаецеся ў цемры недасведчанасці, чым наносіце шкоду не толькі сабе, але і грамадству ў цэлым.

Дзяржаўная ўлада і банкі робяць усё магчымае, каб беларусы карысталіся найноўшымі фінансавымі інструментамі, якія значна спрашчаюць жыццё звычайнага спажыўца тавараў і паслуг. У выніку зараз, акрамя картак, што аптымізуюць разлікі ў гандлёвых кропках і інтэрнэце, мы маем яшчэ шэраг бонусаў, якія дазваляюць седзячы дома, а не стоячы ў чарзе задавальняць надзённыя патрэбы. Да прыкладу, я ўсе рахункі (за кватэру, тэлефон, лічыльнікі, ахову і г. д.) даўно аплочваю з дапамогаю “інтэрнэт-банкінгу”, магчымасці якога няўхільна растуць разам з базай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (так званы ЕРІП). Гэта бясплатна і проста — на ўсё пра ўсё патрабуецца 15-20 хвілін.

Такім чынам, зараз абсалютную большасць плацяжоў любая беларуская сям’я можа без праблем ажыццяўляць па безнаяўным разліку. Пытанне ў іншым: ці рэальна давесці гэты паказчык да ста адсоткаў? Як мне ўдалося высветліць, адмовіўшыся на тыдзень ад выкарыстання наяўных грашовых знакаў, пакуль лепш трымаць у кашальку колькі білетаў Нацыянальнага банка, каб не трапляць у безвыходныя сітуацыі. Так, у першы ж дзень устрымання ад папяровых грошаў з непрыемнасцю сутыкнуўся ў “Еўраопце”.

Калі ўжо набраў поўны кошык прадуктаў, па гучнай сувязі перадалі, што пластыкавыя карткі часова не абслугоўваюцца. Прыйшлося ісці да бліжэйшага банкамата і стаць у хвост натоўпу пацярпелых ад збою абсталявання. Аналагічны выпадак адбыўся ў “Весце”: я рухаўся ў чарзе хвілін пятнаццаць, а калі наблізіўся да касы, прачытаў таблічку: “Прабачце, карткі не прымаюцца”.

Калі вы карыстаецеся грамадскім транспартам толькі некалькі разоў на месяц, без рэальнай капейкі ў кішэні не абыйсціся: набываць праязны ў “Белсаюздруку” нявыгадна, а разавых білетаў там няма, як і тэрміналаў у кандуктараў. Тое ж датычыцца і маршрутак. Прылады для правядзення безнаяўных плацяжоў адсутнічаюць і ў некаторых невялікіх гандлёвых павільёнах. Так, у маім двары два кіёскі, з гаспадарчымі таварамі і садавіной, якія карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў, але “пластык” не прымаюць. “Чаму?” — спытаў я ў адной з прадаўшчыц. “Гаспадар лічыць, што ў гэтым няма патрэбы, — адказала жанчына. — Хаця мне з тэрміналам работаць было б прасцей: пакупнікі прыходзяць звычайна з буйнымі купюрамі, і асабліва з ранку цяжка знайсці здачу”.

Непрыемныя ўспаміны засталіся ў мяне і ад паездак у рэгіёны. Калі на аўта- і чыгуначных станцыях праблем з карткай не ўзнікала, то ў сельмагах прыйшлося панервавацца. Так, у аграгарадку Параф’янава Докшыцкага раёну, ледзь не застаўся без абеда — толькі з чацьвёртай ці пятай спробы ў работніцы райспажыўсаюза атрымалася злавіць сувязь з банкам. А ў гарадоцкім кафетэрыі я 15 хвілін чакаў, пакуль адміністрацыя ўстановы закончыць размовы па тэлефоне, каб правесці безнаяўны разлік.

Але ўсе вышэйзгаданыя мінусы — толькі лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Гэта адчуваеш, калі прыходзіш напрыканцы месяца ў аддзяленне банка або пошты і бачыш там дзясяткі няшчасных грамадзян, якія і ў 2015 годзе працягваюць гадзінамі стаяць у чарзе да акенцаў, каб аплаціць рахункі.

Эдуард Каралевіч.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ