У аздобе хаты егера Віктара Селязня з вёскі Жары Ушацкага раёна адчуваюцца прафесійныя матывы. Сабак з мядзведзямі намаляваў акварэльнымі фарбамі сам гаспадар. Разлапістыя ласіныя рогі і суровыя клыкі дзікоў – яго паляўнічыя трафеі. А на габелене, падараваным у дзень нараджэння зяцем і нявесткай, выява шэрых ваўкоў. Невыпадковы сувенір, асабліва калі ўлічыць, што калегі называюць Віктара Віктаравіча ваўчатнікам. Ён шмат ведае пра драпежнікаў і іх норавы, а яшчэ вельмі цікава, з яскравымі падрабязнасцямі, распавядае.
– Пакажыце мне след, і я прывяду вас да логава. Па адбітку лапы вызначаю, воўк гэта ці ваўчыца, – кажа егер.
Ён патомны паляўнічы. Бацька, які працаваў трактарыстам, у вольны час хадзіў на цецерукоў, зайцоў. Што сабе пакіне, што суседу аддасць.
– Мне было гадоў каля 12, калі ён аднойчы прынёс дахаты восем жывых паўтарамесячных ваўчанят. Пасадзіў іх у скрынку, у якой вазілі парасят прадаваць на рынак. Паглядзець на незвычайны трафей збеглася ўся вёска. Пазней звяркоў забралі ў заапаркі. А паляўнічым за такую здабычу выдавалася прэмія, – згадвае пра сваё знаёмства з ваўкамі Віктар Селязень.
На егерскую сцежку лёс вывеў яго не адразу. Крыху папрацаваўшы токарам у Віцебску, Віктар Селязень прайшоў тэрміновую службу наводчыкам у танкавым войску, затым быў вадзіцелем у родным калгасе. Паляванне заставалася як хобі. У 1988 — 1990 гадах па ваўках ён трымаў першае месца ў рэспубліцы. На тыя прэміі набыты швейная машына і каляровы тэлевізар. А ў 1998-м Віктару Віктаравічу прапанавалі стаць егерам Жарскай паляўнічай дачы Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
– З першых дзён адчуў, што гэта маё. Сачу, каб не здаралася браканьерства, у сезон ваджу нашых і замежных паляўнічых. Дача мае добрую базу ў Завыдрыне, якой ахвотна карыстаюцца і рыбаловы, і аматары «ціхага палявання» – грыбнікі, ягаднікі, – расказвае Віктар Селязень.
Тэрыторыя складае 16,6 тыс. га. Колькі егер прайшоў па ёй пехатой – не злічыць. Кажа, дужа цікава знайсці след, рухацца па ім, не зважаючы на стому. Снежнай зімой Віктар Віктаравіч зазвычай становіцца на лыжы. А так і на веласіпедзе можна. Не аднойчы за светлавы летні дзень, з 4 гадзін раніцы да 11 вечара, намотваў больш за 115 км, рэкордны паказчык спідометра – 186! І яно ж не па асфальце. Здаралася, на веласіпедзе прывозіў у капкане жывога звязанага воўка. Вага некаторых жывёл дасягае 70 кг. Аднавяскоўцы збіраліся на падворак паглядзець.
Дзівосныя гісторыі адбываюцца ў прыродзе. Неяк увосень, светлай месяцовай ноччу, егер убачыў ваўчыную зграю з васьмі дарослых асобін. Выскачыўшы на пясчаны грэбень, яны моўчкі агледзелі прастору і рушылі прочкі сваім шляхам.
А то з ваколіц вёскі Вострава адзін воўк пастаянна бегаў за 20 км да сарочынскага свінакомплексу. Прыцягвала яма для адкідаў, дзе драпежнік меў спажыву.
Прыкладна, у 1985-м непадалёк ад Жараў жыла ваўчыная пара. Раз-пораз звяры па сваіх патрэбах перамяшчаліся з аднаго лесу ў другі. Віктар Селязень высачыў іх логава з пяццю ваўчанятамі, якім было месяцы па тры. І што цікава: з цягам часу воўк, застаўшыся без сваёй палавіны, расціў малых сам!
Дарэчы, для выхавання гэтых звяроў варта браць шчанюкамі. Самае першае ваўчаня Віктар Селязень пачаў гадаваць, быўшы яшчэ падлеткам.
– Гісторыя такая. Аднойчы з братам узялі з сабой па грыбы Шарыка – «ганчара» чорнай масці. Праз нейкі час ён моцна забрахаў. Падыходзім. Спачатку падалося, што сабака спалохаў лісіцу, і тая кінулася ратавацца ў канаву. Калі Шарык выгнаў мокрага звера на сушу, зразумелі – ваўчок. Усунулі яго галавой у рукаў маёй майкі, каб пашчу не надта разяваў, і панеслі дахаты. Сядзеў ціхмяна, але раптам пайшоў дождж, і ён пачаў вырывацца. Аказваецца, намок рукаў і стала цяжка дыхаць. Калі выслабанілі звярку нос, пачаў глядзець на нас даверліва, – успамінае Віктар Віктаравіч незвычайны выпадак.
На падворку ваўчаня даволі хутка стала ручным. З ім ахвотна перафатаграфавалася ці не ўся вясковая дзятва, якой у Жарах было шмат. Па грыбы тым летам Віктар хадзіў не толькі з братам і Шарыкам, але і з ваўчком. Загінуў ён выпадкова: навязаны на цэп, сігануў на загародку, не разлічыўшы сваіх магчымасцей. Плакалі па ім усім малечым «калгасам». Стаўшы дарослым, Віктар Віктаравіч гадаваў ваўчанят для вальераў, у тым ліку Вову, які ўрэшце стаў зоркай Браслаўскага міні-заапарка.
У Жарах Віктар Селязень не адзіны паляўнічы, у іх ліку і двое яго братоў, а трэці гэтым не цікавіцца.
– Мая Галіна Пятроўна, як толькі ажаніліся, аднойчы на качку схадзіла і таксама сказала: не! Сын быў ростам ніжэй за зайца, калі я ўпершыню ўзяў яго з сабой, аднак паляўнічым не стаў. А дачка, якая пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума працавала ва Ушацкім лясніцтве і зараз у дэкрэтным водпуску, любіць пахадзіць па лесе. Як і мяне, больш за ўсё, кажа, вабяць зносіны з прыродай, яе прыгажосць і шматлікія загадкі.
Фота Дзмітрыя Осіпава