Насамрэч, завуць яе не Дзіяна, а Кася. Кася Казачонак — адзіная на ўсю Міёршчыну. Сама яна кажа, што так яе бацька назваў, і ў пашпарце так запісана. Можа, гэта скарочана ад Касьяны, а можа, і Каця на старадаўні манер. Ды наогул, як яе только не завуць: і Ася, і Насця, і Тася, і Тося… А Дзіяна — бо, падобна рымскай багіні, ахоўвае на Міёршчыне балоты, ходзіць нароўні з мужчынамі на паляванне, ловіць рыбу.
— Яна і на дзіка ў начное можа, на ваўка, а нашу Ельню ўпоперак пешшу пераходзіць, — кажа пра Касю дырэктар заказніка «Ельня» Іван Барок. — Выбітная жанчына!
Што цікава, гэтая жыхарка вёскі Камянполле працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, возіцца з самымі малымі. Заўжды энергічная, вясёлая, на першы погляд, бесклапотная. Але гэта не так. Акрамя працы, яна час ад часу даглядае сваіх унукаў, займаецца гаспадаркай: ёсць карова, конь, дзве авечкі, куры. А таксама тры сабакі і кот.
— У мяне, бывае, пытаюцца: «Кася, чаму ты такая бадзёрая заўжды?». А я ад прыроды сілай падпітваюся. Пасля працы бяру човен — і на возера, кружкі ставіць, павудзіць ці проста на вадзе адпачыць. І Ральфік заўсёды са мной, — распавядае жанчына.
Ральфік — гэта 11-гадовы сабака, нязменны кампаньён Касі, куды б яна ні пайшла ці паехала. На машыне, на матацыкле, на лодцы ён у яе за штурмана. На паляванні, хоць сам памерам бы тая Моська з байкі, птушку прыцягнуць можа, дзіка, лася заганяе.
— Як так? Ён жа зусім маленькі? — пытаюся.
— Многія, хто са мной першы раз ходзіць, таксама не вераць, пакуль самі не пабачаць, — тлумачыць Кася. — Ён бяжыць за дзіком, гаўкае. Калі таму надакучыць, разварочваецца — і давай за Ральфікам. Як стамляецца, усё пачынаецца нанава.
Дарэчы, Ральфік па пашпарце «ўсходне-сібірская лайка». Бо трэба было неяк рэгістраваць, каб мог афіцыйна ўдзельнічаць у паляванні.
Хацелася б паглядзець на ягоныя «салачкі» з дзіком на ўласныя вочы, аднак гэта, відаць, адкладзем да наступнага візіту на Міёршчыну. А пакуль Кася ўзяла мяне на борт сваёй лодкі, каб разам праверыць кружкі, што паставіла мінулай ноччу на бліжэйшым возеры.
Так я ўпершыню ўбачыла гэты спосаб рыбнай лоўлі на жыўца. На плывучы кружок, у якога адзін бок белы, другі — чырвоны, наматваецца лёска. На ёй — павадок і кручок-двайнік, за які пад жабры чапляецца жывы карасік. Калі яго хапае шчупак, кружок пераварочваецца. Па колеры рыбак здалёк бачыць, дзе на жыўца спакусіўся драпежнік.
— Бывае, што сам карась збівае, а бывае, што кружок не пераварочваецца, бо шчупак не заглытвае жыўца цалкам, — тлумачыць мне Кася. — Хаця я і на звычайную рыбалку выбіраюся, і на донку, і на спінінг лаўлю, аднак усё роўна на кружкі люблю больш за ўсё (часцяком пастаўлю іх бліжэй да берагоў, а сама на лодцы ў іншым месцы вуджу). Бо, калі зловіш, дык зловіш здаровую рыбіну. Самая вялікая, што мне трапляла на кружок улетку, важыла 4,2 кг. А зімой на жэрліцы — 5,5 кг. Хаця ад возера і ад месца многае залежыць таксама. На адным ловіцца шчупак, на другім карась, на трэцім краснапёрка ці лінь.
Паляваннем і рыбалкай захапляецца не толькі Кася, але і большая частка сям’і Казачонак. Першыя свае ўрокі жанчына атрымала ад бацькі, менавіта з ім упершыню на ваўка хадзіла. Такое ж хобі ў яе мужа, далучаюцца, калі выпадае час, і сыны.
Не менш любіць Кася выбірацца ў балота па ягады (асабліва журавіны), грыбы, духмяныя травы. Яна з дзяцінства гадавалася на балоце Мох, а таксама праз Ельню хадзіла, таму і ведае кожны куток гэтага самага вялікага верхавога балота Беларусі. Калі трэба, дапамагае заказніку праводзіць экскурсіі па яго тэрыторыі, удзельнічае ў работах валанцёрскага лагера, які ладзіцца на Ельні штогод, каб пабудаваць каскады плацін на каналах, што забіраюць ваду з цэнтральнай часткі балотна-азёрнага комплексу. Таму Кася і заслужыла пачэсны статус — «Ахоўніца балота Ельня».