Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Нагрудны знак «Воінская доблесць» за службу ў Афганістане знайшоў жыхара Міёр праз 31 год

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, міярчаніна Івана Юхно  чакаў сюрпрыз. Праз 31 год яго знайшла ўзнагарода – нагрудны знак ЦК УЛКСМ «Воінская доблесць». Увесь гэты час яна захоўвалася ў асабістым архіве камсорга часці Вячаслава Белавуса.

 

У 1988 годзе ён не паспеў уручыць знак байцу. Паранены, той ляжаў у шпіталі, а калі не вярнуўся ў часць, там палічылі, што не выжыў. А далей падзеі развіваліся хутка. Вывад войскаў, уладкаванне новага жыцця. Мінулі гады, пакуль былы камсорг не пачаў шукаць у сеціве аднапалчан. І аднойчы натыкнуўся на прозвішча Юхно.

– У Афганістан трапіў, як усе: прызыў, вучэбка, пералёт у далёкую краіну, дзе ўжо не адзін год ішла вайна. Ведаў, куды і навошта адпраўляюся, што магу не вярнуцца адтуль. Але трэба было абараняць паўднёвыя рубяжы нашай краіны, і, як многія іншыя, напісаў заяву, што хачу ў Афганістан, – успамінае воін-інтэрнацыяналіст Іван Юхно. – Праўда, туды ехаў не зялёным салдацікам. Паўгода спецпадрыхтоўкі – страявой, агнявой, фізічнай, якую прайшлі з таварышамі ў Фергане, зрабілі нас вынослівымі мужчынамі. Мы скакалі з парашутам, бегалі ў спёку ў поўнай экіпіроўцы 10-кіламетровы крос, а да яго яшчэ 7 км да месца старту і столькі ж назад. 18-кілаграмовая бронекамізэлька, аўтамат, рукзак дэсантніка з 8 кг жвіру для вагі – нагрузка не для слабых. Вучыліся браць чужыя ўмацаванні і абараняць свае. Ведалі, што ў чужой краіне гэта дапаможа не проста выжыць, а паспяхова ваяваць.

У 1986 годзе вайна была ў самым разгары. Службу пачынаў у Кабуле ў 350-м палку ПДВ 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі, у народзе – «палцінніку», так яшчэ называлі Віцебскі дэсантны полк. Спачатку аўтаматчыкам, потым вадзіцелем «ЗІЛа-130», а пазней «Урала-4320». Вазіў боепрыпасы, прадукты, амуніцыю ад граніцы СССР да месцаў дыслакацыі часцей у Афганістане.

Праўда, у той час, паведаміў Іван Юзафавіч, вадзіцелі не сядзелі ў кабіне зусім безабаронныя. Лабавое шкло закрывала браня, для агляду заставалася толькі невялікае акенца, дзверцы былі таксама браніраваныя, а шкло ў іх з боку вадзіцеля яны закрывалі сваімі броне­камі­зэль­камі. Гэта ратавала ад кулі, але не дапамагала пры больш сур'ёзным абстрэле.

– Практыкай душманаў было падбіць у калоне першую і апошнюю машыны, запячатаць у вогненым катле астатнія, – сказаў ветэран-«афганец». – Таму мелі загад камандавання выходзіць з-пад абстрэлу. Калі не ўдалося – пакідаць машыны, адыходзіць ад іх як мага далей і займаць абарону. Не забываць глядзець пад ногі, бо ўздоўж дарогі ставіліся расцяжкі, і калі ацалеў у машыне, мог падарвацца на міне.

Амаль за два гады службы Іван Юзафавіч скалясіў Афганістан уздоўж і ўпоперак. Бачыў на абочынах новенькія гадзіннікі і лялек-прыгажунь. Але не паквапіўся на прыгожыя рэчы, бо ведаў: проста так іх ніхто не кінуў бы, дакранешся – чакай выбуху. А на пераездах і так хапала кровапралітных сутычак.

Аднойчы, калі вёз 24 скрыні снарадаў «Град», трапіў пад абстрэл. Кінуць машыну з боепрыпасамі для знішчэння не змог. Ціснуў на газ і гнаў машыну па горнай дарозе, каб схавацца за якім-небудзь паваротам. Яму ўдалося выйсці з зоны абстрэлу, даехаць да месца назначэння. А там, калі агледзеў кузаў, перахрысціўся. Борт быў прашыты аўтаматнай чаргой, на шчасце, не наскрозь.

Сваю першую баявую ўзнагароду – медаль «За адвагу» – атрымаў за аперацыю «Хост». Іх часць мела заданне ачысціць ад «духаў» адзін з горных раёнаў. Іван Юхно з іншымі вадзіцелямі стаяў у тую ноч на блоку. Калі цемра накрыла перавал, на іх напалі. Але ліквідаваць не змаглі. Байцы далі адпор і захавалі кантроль над дарогай і навакольнай тэрыторыяй.

Другі раз у сур'ёзны пераплёт Іван трапіў, калі ў складзе тысячнай калоны з машын і тэхнікі вёў свой «Урал» на Кандагар.

– Гэты пераход быў цяжкі сам па сабе. Па серпанціне на дзясяткі кіламетраў трэба было ўзняцца на гару. Закладвала вушы, хацелася спаць, бо на працягу тыдня адпачывалі толькі па 2 – 3 гадзіны, пераграваліся маторы машын… І такія калоны, хоць яны і мелі прыкрыццё зверху, «пасвілі» душманы. Мне заставалася да канца службы менш чым месяц. Непрыемнасцей не хацелася, – прызнаўся Іван Юхно.

Але, напэўна, калі пачынаеш баяцца, яны і здараюцца. На адным з прыпынкаў на іх калону пасыпаліся гранаты.

Душманы прыцэльна білі па машынах з гранатамётаў. Схапіўшы бронекамізэльку і аўтамат, баец адкрыў дзверцу, каб выскачыць з кабіны. І тут грамыхнула побач так, што заклала вушы, перад вачыма паплыло, далей – цемра.

Ачнуўся Іван у палатцы, кантужаны, з перабітай нагой і пасечаным асколкамі целам. Паранены, але жывы. Ад смерці выратавала браніраваная дзверка машыны, якая, як шчытом, прыкрыла вадзіцеля пры выбуху.

У шпіталь яго разам з цяжкапараненым малодзенькім лейтэнантам вывезлі на «вяртушцы». Затым былі аперацыя і вяртанне ў Савецкі Саюз з кіёчкам у руках і рэшткамі асколкаў пад лапаткай. Услед прыйшла вестка аб ўзнагароджанні ордэнам Чырвонай Зоркі.

Успамінаць пра падзеі таго часу Іван Юхно не любіць. Бачыў гераізм і страх, радасць і боль, пакуты і смерць – перажыванні часцей горкія, чым радасныя. Яны і сёння трывожаць, пазбаўляюць сну. Але тады ён сам выбраў Афганістан. Маці перадпенсійнага ўзросту была ўдавой.

Адзіны ў сям'і сын мог не служыць у арміі. Але хлопец лічыў, што абавязаны абараняць Айчыну і свядома пайшоў «за рэчку». Сёння ж падобнай службы не жадае нікому з юнакоў, лічыць, што няхай войны застануцца для іх толькі гісторыяй.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ