Пераможца конкурсу прафесій-нага майстэрства педагогаў Беларусі «Настаўнік года – 2017» Святлана Румянцава з Баравухскай СШ №15 Наваполацка сціплая, але вельмі яркая і цікавая жанчына, выдатны субяседнік, таленавіты прафесіянал. Яна выкладае беларускую мову і літаратуру амаль чвэрць стагоддзя, з’яўляецца адным з нямногіх у вобласці настаўнікаў-метадыстаў, узначальвае гарадское метадычнае аб’яднанне педагогаў і з’яўляецца класным кіраўніком шостага класа.
Падчас віншавання ў аблвыканкаме
Як можна ўсё гэта паспяваць і што зараз радуе і турбуе настаўнікаў, Святлана Леанідаўна распавяла карэспандэнту «ВВ».
– Вы прыйшлі ў настаўніцтва па волі лёсу ці гэта быў свядомы выбар?
– Свядомы. Я нарадзілася на Расоншчыне, вучылася ў Краснапольскай сярэдняй школе, дзе, можна сказаць, і адбыліся мае першыя крокі ў прафесію. Я была вельмі актыўнай і ініцыятыўнай: удзельнічала ў разнастайных конкурсах, спаборніцтвах, узначальвала спачатку піянерскую дружыну, потым была сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. За сваю дзейнасць у школьныя гады ўзнагароджана значком «Піянер-інструктар», граматай ЦК УЛКСМ Беларусі.
Мне пашчасціла нарадзіцца ў цудоўнай сям’і. Бацька, Леанід Мікітавіч Раманенка, быў галоўным урачом мясцовай бальніцы, маці, Лідзія Маркаўна, – настаўніцай матэматыкі. Дзякуючы ім у мяне ёсць правераны рэцэпт, як прывіць любоў да настаўніцтва, – вырасціць настаўніка ў настаўніцкай сям’і.
Бо матуля падказала шлях да прафесіі таксама маім сёстрам Алене і Таісіі – настаўнікам хіміі, біялогіі і геаграфіі. Любоў да прафесіі ідзе менавіта ад маці, бо мы бачылі, як яна «хварэе» дзецьмі, сваёй працай, заўсёды ў пошуку.
«Свой прадмет я выбрала асэнсавана…»
Свой прадмет я выбрала асэнсавана. З маленства любімым заняткам было чытанне, таму сваю будучую прафесію звязвала менавіта са Словам. Любоў да беларускасці таксама з дзяцінства – ад бабулі, матулі, маіх дарагіх настаўнікаў. Мой прафесійны лёс паўплываў і на дачку: яна студэнтка 5-га курса ВДУ імя П. Машэрава, будзе выкладаць замежную мову.
– Зараз многія маладыя настаўнікі скардзяцца на складаных дзяцей, невялікія заробкі. А што турбавала вас на пачатку кар’еры?
– Настаўнічаць я пачала ў 1992 годзе ў сярэдняй школе №12 Наваполацка яшчэ ў студэнцкія гады, а пасля заканчэння інстытута трапіла ў Баравухскую сярэднюю школу. Складанасцей тады, безумоўна, хапала: паліцы магазінаў пустыя, заробкі невялікія. Пераломны, але вельмі цікавы час.
Запомніліся не цяжкасці і выпрабаванні, а цудоўная атмасфера маладосці, прафесійнага ўзлёту, рамантыкі. Нягледзячы на матэрыяльныя праблемы, мы працавалі апантана. Была падтрымка з боку вопытных калег, кіраўніцтва школы. Актыўна выкарыстоўвалі новыя педагагічныя тэхналогіі, эксперыментавалі, раслі.
У любы час пачынаць працу складана. Калі ты прыходзіш у школу пасля ўніверсітэта, ёсць хваляванне, сумненні, цяжкасці. Зараз за кожным маладым педагогам замацаваны вопытны куратар, настаўнік-майстар, таму самае галоўнае – не баяцца і верыць, што ўсё атрымаецца.
– Што самае складанае ў працы настаўніка?
– Уменне арганізаваць свой час. Звычайна яго не хапае, і трэба ўмець расстаўляць прыярытэты і, вядома, вельмі шмат працаваць. Настаўнік не можа зачыніць дзверы школы, прыйсці дадому і займацца толькі сямейнымі справамі. Трэба праверыць сшыткі, падрыхтавацца да ўрокаў, мерапрыемстваў, а яшчэ ёсць абавязкі класнага кіраўніка: неабходна пабываць у сем’ях, пагутарыць з бацькамі па тэлефоне, напісаць дакументы. А самае галоўнае – настаўніку трэба пастаянна самаўдасканальвацца, а інакш ты хутка станеш нецікавым вучням.
«Пакаленне школьнікаў зараз іншае, таму проста «даваць» веды, як раней, ужо недастаткова»
Пакаленне школьнікаў зараз іншае, таму проста «даваць» веды, як раней, ужо недастаткова. Трэба навучыць дзяцей думаць, разважаць, самастойна здабываць інфармацыю. Ведаць усё немагчыма, таму патрэбна ўмець і хацець развівацца, вучыцца ўсё жыццё. Я ніколі не скарджуся на сучасных дзяцей. Яны не горшыя за тых, што вучыліся, скажам, 25 гадоў назад, проста іншыя. Заўсёды былі і будуць тыя, каму вучоба даецца складана, і тыя, хто вучыцца з радасцю. Задача добрага настаўніка – быць цікавым і карысным для ўсіх школьнікаў.
– Многія бацькі і настаўнікі заўважаюць, што сучасная моладзь мала чытае. Што рабіць?
– Сапраўды, у моладзі зараз часта можна заўважыць «кліпавае мысленне», якое праяўляецца ў павярхоўным, фрагментарным успрыняцці інфармацыі. Многім вучням складана зразумець і прасачыць ход чужых думак, чытанне становіцца не асалодай, а абузай. Але чытаць трэба, бо чытанне фарміруе асобу, вучыць аналізаваць, суперажываць, развівае ўяўленне. Настаўніку цяжка патрабаваць ад вучня чытання твораў, калі бацькі дома праводзяць увесь час за камп’ютарнымі гульнямі ці тэлевізарам. Тут галоўнае – прыклад дарослых. Жадаеце мець развітых і паспяховых дзяцей – больш гаварыце з імі, чытайце, абмяркоўвайце творы.
– Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны настаўнік?
– Яму трэба мець шырокі кругагляд, цікавіцца не толькі прадметам, а наогул жыццём, любіць дзяцей, валодаць ведамі па псіхалогіі і педагогіцы. Трэба ўмець слухаць дзіця, разумець яго. Важна і валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі.
– У гэтым навучальным годзе змяніліся ў бок спрашчэння вучэбныя праграмы па прадметах, прыходзяць новыя падручнікі. Як вы ацэньваеце гэтыя змены?
– Прадметы, якія выкладаю я, гэта закранула не вельмі значна. Нельга сказаць, што шэраг тэм па беларускай мове проста ўбралі з праграм, іх перавялі з тэорыі ў практычнае прымяненне, што асабліва важна для мовы. Пры гэтым некаторы тэарэтычны матэрыял падаецца на ўзроўні азнаямлення. Зместавую частку праграм па беларускай літаратуры складаюць высокамастацкія творы нацыянальнай класікі.
– Святлана Леанідаўна, а калі б вы сталі міністрам адукацыі, што, на ваш погляд, можна было б змяніць у гэтай сферы?
– Я не мару пра тое, што мне не да-дзена (смяецца). Шмат пытанняў хвалюе педагогаў, але, на жаль, далёка не ўсё можна вырашыць адміністрацыйным шляхам. Напрыклад, заробкі. Настаўнікі – бюджэтнікі, а значыць, рост іх заробкаў напрамую залежыць ад стану эканомікі краіны. У той жа час нездарма гавораць: хто не жадае – шукае прычыну, а хто жадае – магчымасці. Так і ў школе.
Зараз ёсць магчымасць зарабляць больш. Напрыклад, павышаць кваліфікацыйную катэгорыю, займацца з адоранымі вучнямі. Ёсць яшчэ, акрамя ўрокаў і факультатываў, платныя паслугі, удзел у мерапрыемствах, конкурсах, алімпіядах, за якія таксама атрымліваеш прэміі і надбаўкі. Але трэба шмат працаваць, у тым ліку і ў выхадныя дні. Так усюды.
Хочацца, каб паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, развівалася інфармацыйная прастора.
– А як наконт вялікага дакументазвароту, на які часта скар-дзяцца настаўнікі, асабліва класныя кіраўнікі?
– Справа ў тым, што міністэрства ўжо даўно зацвердзіла канкрэтны пералік дакументаў для настаўнікаў, якія лічацца абавязковымі. Яны сапраўды патрэбныя. Як жа без класнага журнала ці работы з сям’ёй? Справа ў тым, што на месцах (ведаю гэта па скаргах калег з некаторых рэгіёнаў рэспублікі) адказныя ўстановы пачынаюць перастрахоўвацца і патрабуюць дадатковыя справаздачы, паперы і гэтак далей. Гэта недапушчальна.
«Я б не сказала, што беларуская мова ў заняпадзе. Мова будзе жыць. І мая задача як настаўніка – запаліць агеньчык любові да роднай мовы»
– Ці не баліць у вас душа як у беларусаведа з-за таго, што родная мова рэдка выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці?
– Безумоўна, баліць. Лічу, што гэта не віна нашага грамадства, а яго бяда. Чаму так атрымалася, зразумела з гісторыі, «дапамаглі» і рэпрэсіі 1930-х гадоў, калі была знішчана значная частка нацыянальнай інтэлігенцыі. Але я б не сказала, што беларуская мова ў заняпадзе. Мова будзе жыць. І мая задача як настаўніка – запаліць агеньчык любові да роднай мовы.
– Якую самую каштоўную параду вы атрымлівалі ў жыцці?
– Ніколі не спыняцца на дасягнутым, не баяцца цяжкасцей, заўседы ісці наперад. Маці казала: перашкоды робяць чалавека толькі мацнейшым. Гэта і мая жыццёвая філасофія. Дарогу адолее той, хто ідзе.
– Як вы ўсё паспяваеце?
– Не паспяваю (смяецца). Але вельмі стараюся. Якраз цяпер наступіў такі момант, калі больш часу я магу прысвячаць працы без шкоды для сям’і. Мая сям’я – гэта дачка Дзіяна, матуля, сёстры. Матуля і сёстры жывуць у Расонскім раёне. Дзіяна вучыцца ў Віцебску, прыязджае па выхадных. Разумее мяне поўнасцю, бо сама ў хуткім часе пераступіць школьны парог у якасці настаўніцы. Але быў час, калі дачка-сямікласніца крыўдзілася, бо ёй хацелася больш увагі і клопату з майго боку. Гэта было справядліва.
Зараз мне балюча пра гэта ўспамінаць, але той год для мяне стаў урокам: родныя людзі таксама маюць патрэбу ў табе, ні пры якіх абставінах нельга абдзяляць іх.
Паспяваю больш за кошт уласнага сну. На жаль, у гэтым годзе выспацца амаль не даводзілася. Былі і бяссоныя ночы. Але паспець усё немагчыма. І нават калі б я працавала 24 гадзіны ў суткі, то справіцца і вытрымаць конкурсныя выпрабаванні гарадскога, абласнога і рэспубліканскага этапаў (конкурс доўжыўся дзесяць месяцаў) у адзіночку не змагла б. Маёй перамогі не было б без вялікай дапамогі і падтрымкі абласнога інтытута развіцця адукацыі, Наваполацкага аддзела адукацыі, адміністрацыі школы, калег, родных і сяброў. Усё жыццё буду ўдзячная ім!
– Як вы адпачываеце ад працы?
– Люблю лес, працу на зямлі. Таму вольны час праводжу ў родным Краснаполлі. Добрая разрадка для мяне – чытанне. А калі вельмі цяжка, то ў якасці рэлаксу магу 20 хвілін пагуляць у камп’ютарныя гульні.
– Што вас радуе ў жыцці?
– Хачу, каб мае родныя і сябры былі здаровыя і шчаслівыя. Радуюся сустрэчы з імі. Радуюся, калі прыходжу на любімую працу, да сваіх вучняў. Вось, здаецца, звычайнае жыццё, але трэба разумець, што ў гэтым і ёсць шчасце. Яшчэ я веру ў эфект бумеранга. Чалавек, які шмат аддае, шмат атрымлівае.
Фота з архіва газеты «НC» і «ВВ».