На VIII чемпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод спартсменаў-ветэранаў 74-гадовы жыхар Сянна Мікалай Сініцын заваяваў чатыры медалі ў сваёй узроставай катэгорыі.
Ён паспяхова выступіў у бегу на дыстанцыі 200 м, у скачках у вышыню, даўжыню і трайным. Аматар спорту ўдзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі ў шосты раз. Зараз у яго скарбонцы 24 медалі, чатыры з якіх здабыты на падобных расійскіх спаборніцтвах.
– Чэмпіянат Беларусі сярод ветэранаў адкрыты. Геаграфія яго ўдзельнікаў штогод пашыраецца, а самі спаборніцтвы даўно набылі статус міжнародных, – сказаў Мікалай Сініцын.
Сёлета ў ліку навічкоў былі аматары спорту з Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Усяго прыехалі 340 спартсменаў з 13 краін узростам ад 35 гадоў. Самаму вопытнаму было 86 гадоў. Мікалай Сініцын выказаў падзяку ўсім, хто дапамагаў яму падрыхтавацца да спаборніцтваў: урачу ЦРБ Сяргею Карасю, трэнеру СДЮШАР Віктару Васілёнку, настаўніку фізкультуры СШ №2 Сянно Андрэю Сапежку.
Аляксандр Яўгенаў, Сянно. Фота belta.by.