Аднойчы на аўтобуснай станцыі ў Браславе спаткала невялікую кампанію маладых людзей. Некаторых ведала – сустракаліся падчас раскопак на востраве Манастыр. Апантанасць навукоўцаў і валанцёраў, якія прыехалі на Браслаўшчыну з розных куткоў Беларусі, выклікала жаданне і самой перажыць азарт пошуку, магчыма, ўнесці свой уклад у калекцыю артэфактаў. Але тады не склалася. З кіраўніком раскопак мінскім археолагам Мікалаем Плавінскім дамовіліся, што калі ён зноў прыедзе ў раён з экспедыцыяй, возьме і мяне ў яе склад.
І вось здарылася. Мікалай Аляксандравіч вярнуўся на Браслаўшчыну, каб скончыць даследаванні курганоў ля Ахрэмаўцаў. Гэта, магчыма, апошні сёлетні візіт. Археалагічны сезон заканчваецца, час падводзіць вынікі. Так на адзін дзень я стала членам археалагічнай экспедыцыі.
Трэба сказаць, што Браслаўшчына з яе багаццем археалагічных помнікаў заўсёды была прыцягальнай для навукоўцаў. Старажытныя курганы, якія яшчэ называюць капцы ці валатоўкі, у іх ліку. Упершыню іх раскопкі ў маёнтку Бяльмонты правёў граф Плятэр, які ў 1856 годзе перадаў у Віленскі музей старажытнасцей кавалкі урны і бронзавыя ўпрыгажэнні. Фёдар Пакроўскі ў 1893 годзе даследаваў 7 насыпаў, два з якіх утрымлівалі крэмацыі, а 5 не змяшчалі пахаванняў. Яшчэ некалькі курганоў раскапалі ў 1938 годзе, пасля ў 1978-м імі займалася вядомы беларускі археолаг Людміла Дучыц, а ў 1997 годзе тут працавала экспедыцыя БДУ. Вынікі гэтых даследаванняў можна знайсці ў выданні «Курганныя могільнікі Браслаўскага Паазер’я».
– Тады што прымушае вас зноў раскопваць іх? – запыталася ў навукоўцы.
– Пахаванні ў Ахрэмаўцах здзейснены па абрадзе трупаспалення. Такія крэмацыі характэрны для крывічоў у ІХ – Х стагоддзях. Традыцыя існавала да Х – ХІ стст., пасля паступова была выцеснена. Пачалі хаваць па абрадзе інгумацыі, а з ХІІ ст. курганы ўвогуле перасталі існаваць і ператварыліся ў звыклыя нам могілкі, – патлумачыў Мікалай Плавінскі. – Навука не стаіць на месцы. Змянілася тэхналогія раскопак, з’явіліся новыя прыборы вызначэння часу вырабу прадметаў, узнікнення саміх пахаванняў. Вось і пытанне датавання могільніка ў Ахрэмаўцах з’яўляецца дагэтуль спрэчным з прычыны нешматлікасці пахавальнага інвентару. Галоўная мэта сёлетніх раскопак — больш дэталёва і дасканала вывучыць, як фарміраваліся курганы, і па знойдзеных артэфактах удакладніць пэўныя моманты. Магчыма, зможам прыадкрыць яшчэ некаторыя таямніцы гістарычнага мінулага Браслаўшчыны.
Курган не ўразіў. Гэта быў невялікі пагорачак, на які, мяркую, неспецыяліст і ўвагі не звярнуў бы. Пакуль мужчыны нацягвалі тэнт на выпадак дажджу, даставалі з заплечнікаў прылады працы, агледзелася. Па раскапанай плошчы стала зразумела, што экспедыцыя працуе тут не ўпершыню. Пасярод агароджанага прамавугольніка ўзвышалася дрэва. Практычна пад яго каранямі і вялася выемка грунту. Вакол былі такія ж пагоркі.
– Гэта ўсё курганы, – адзначыў Мікалай Плавінскі. З двух бакоў дарогі іх тут налічылі прыкладна 90. Пахаванне даволі вялікае, даследаванне гэтага спадзяёмся закончыць за выхадныя.
Пра работу археолагаў большасць з нас ведае з кінафільмаў – марудная справа, калі, здаецца, кожная пясчынка праходзіць праз рукі даследчыкаў, а галоўны інструмент – пэндзаль. Мае ж таварышы прынеслі звычайныя рыдлёўкі, некалькі маленькіх шпаталяў, якімі карыстаюцца муляры ды тынкоўшчыкі, устанавілі сіта для прасейвання пяску. Традыцыйны рыштунак будаўнікоў. Гэта выклікала паралелі: маўляў, археолагі таксама будаўнікі, толькі гісторыі. Мне даверылі разам з магістрам археалогіі, навуковым супрацоўнікам гістарычнага музея Васілём Васільевым прасейваць тое, што падносілі ў вёдрах іншыя ўдзельнікі экспедыцыі.
Пільна ўглядалася ў каменьчыкі і розныя зацвярдзенні, баючыся прапусціць артэфакт. Як выглядае фібула ці прасліца, ведала. Але язычок фібулы можна палічыць за кавалачак сцябла расліны і выкінуць як непатрэбную рэч. Раптам мой таварыш выхапіў літаральна з-пад майго носу маленькую “бусінку” – гладкі памерам з зярнятка ячневай крупы камочак з адтулінай пасярэдзіне. Яго маніпуляцыю адразу заўважылі таварышы і, кінуўшы свае прылады, паспяшаліся да нашага сіта. Пакруцілі знаходку так і гэтак і прыйшлі да высновы: нічога цікавага, прыроднае ўтварэнне.
Мы прасейвалі пясок вядро за вядром. Вопытнае вока археолага адразу заўважала на сетцы косткі, кавалачкі глінянай керамікі. Іх складвалі ў пакецікі, памячалі.
Работа цяжкая фізічна, а да таго яшчэ і карпатлівая. З непрывычкі, нязручнасці позы і пільнага ўглядання стамілася даволі хутка. Але азарт, што менавіта тады, як адыду ад сіта, Васіль знойдзе штосьці цікавае, трымаў на месцы.
Гэтыя эмоцыі добра вядомыя археолагам. Таму Мікалай Плавінскі аб’явіў перапынак, і ў мяне з’явілася магчымасць адпачыць і адначасова атрымаць пэўныя веды па курганах, бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі экспедыцыі.
– Вы такія спакойныя, – сказала хлопцам. – Быццам і не цікава, што знойдзеце.
– Спачатку таксама думалася: а вось што знайду я? – прызнаўся мінскі айцішнік Уладзімір. – А цяпер, калі трапляе ў рукі цікавае, вядома, прыемна, асабліва, калі карыснае для навукі, але эмоцыі не такія вострыя.
– Археалогія мала чым адрозніваецца ад бухгалтэрыі, – паведаміў кіраўнік экспедыцыі. – Сумна, доўга і нудна. Галоўнае для нас – зафіксаваць асаблівасці будовы насыпу, зразумець, як ён ствараўся. Археолагі не шукаюць знаходкі, а вывучаюць магчымасць рэканструкцыі нейкіх працэсаў, якія адбываліся раней. Вось і вынік раскопу на востраве Манастыр не знойдзеныя манеткі, хоць і рэдкія, а тое, што зразумелі пра існаванне двух этапаў яго асваення. Спачатку былі могілкі, праваслаўныя ці ўніятаў, пакуль сказаць яшчэ нельга. Вугляродны аналіз костак дазволіць больш-менш дакладна вызначыць час пахавання.
Мікалай Аляксандравіч вядзе да дрэва, паміж карэння якога бачны пласт попелу і костак.
– Гэта і ёсць спалены чалавек, – сказаў ён. – Набірайце адсюль вельмі акуратна. Дапаможа Аляксей, ён ужо вопытны ў гэтай справе чалавек.
Пакрысе збіраем рэшткі нашага далёкага продка. Аляксей расказвае, што знаёмы з Мікалаем Плавінскім гадоў пятнаццаць. Ён з’яўляецца кіраўніком аддзела ў адной з ІТ-кампаній. Падчас адпачынку рады дапамагчы сябру і зрабіць карысным свой вольны час.
Сабранае намі пераглядаюць вопытныя археолагі. Работа ішла марудна, і на дапамогу нам прыйшоў Леанід. У звычайным жыцці медык, працуе ў фармацэўтычнай галіне. Археалогія – яго хобі.
Шэсць гадзін з невялікімі перапынкамі прасейвалі пясок могільніка. Акрамя костак, знайшлі некалькі керамічных чарапкоў, аплаўленае старажытнае жаночае ўпрыгажэнне.
– Сёння пашанцавала больш, – канстатаваў Мікалай Плавінскі. І падвёў папярэднія вынікі: гэта былі складаныя канструкцыі, акружаныя раўчукамі і дадаткова ўмацаваныя дзерваном ці плятнём, дошкамі, бярвеннямі. Гэта былі велічныя насыпы. Нават цяпер, больш чым праз тысячу гадоў, яны яшчэ на паўметра-два ўзвышаюцца над зямлёй А ў той час магді дасягаць трох метраў і выглядаць як міні-піраміды. Дарэчы, раскапанае ў Ахрэмаўцах пахаванне займае плошчу каля 99 кв. м.
– Гэта звычайныя могілкі нейкага паселішча, пакуль невядомага. У раскапаным намі кургане два пахаванні. Працы і сіл нашы продкі ўкладвалі ў яго ў разы больш, чым мы сёння. Па рэканструкцыях ведаем, што для абраду трупаспалення патрабавалася шэсць кубоў лесу, – чытаў нам лекцыю пасярод курганнага могільніка загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Сахарава БДУ Мікалай Плавінскі. Бывае і так.
Надвячоркам экспедыцыя закончыла аднаўленне насыпу. Прасеяны тоны пяску дзеля таго, каб знайсці рэшткі старажытнай крэмацыі і па іх ўдакладніць пэўныя моманты з жыцця нашых продкаў.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.