Для калектыву Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” мінулы год быў няпростым. Адначасова з аховай прыроднага комплексу ён нарошчваў аб’ёмы вытворчасці, асновай якой з’яўляюцца дрэваапрацоўка і лесагаспадарчая дзейнасць. У параўнанні з 2016-м прырост уласнай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 14,5%, больш чым на 60% павялічана яе адгрузка на экспарт. Чакаецца, што па выніках 2017 года тэмп росту прыбытку ад рэалізацыі складзе больш за 200% да ўзроўню 2016-га, амаль у два разы вырасце рэнтабельнасць. Прадпрыемства выканала ўсе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Але генеральны дырэктар Нацыянальнага парку Віталь Дрожжа не стаў засяроджваць увагу на дасягнутым. Год пражыты, казаў ён, старонка перагорнута. І трэба гаварыць пра задачы і праблемы, з якімі сутыкнуліся ў 2018-м.
– Сітуацыя складваецца не лепшым чынам,– патлумачыў начальнік планава-эканамічнага аддзела Максім Рыськоў. – Па шэрагу прычын, якія ўзніклі ў апошні час, з’явілася пагроза, што калектыў не зможа ўтрымаць фінансавыя паказчыкі на ўзроўні мінулага года. Пад забарону трапіў экспарт круглага лесаматэрыялу, да якога аднеслі і тэхналагічную сыравіну – апошняя па сваіх якасных характарыстыках з’яўляецца хутчэй дровамі, чым дзелавой драўнінай, непрыдатная для вырабу піламатэрыялаў і можа пайсці на ўнутраным рынку, бадай што, толькі на паліва. На гэтай забароне калектыў губляе 35% экспартнай выручкі.
Часткова кампенсаваць страты парк разлічвае шляхам павелічэння вырабу і рэалізацыі піламатэрыялаў. Плануецца, што ўласная дрэваперапрацоўчая вытворчасць амаль на чвэрць павялічыць выпуск прадукцыі. Для гэтага ў адным з цэхаў будзе ўстаноўлена новая лінія па ацыліндроўцы драўніны хваёвых парод, на экспарт плануецца адгрузіць 4000 куб. м новай прадукцыі. Многія службы парку цяпер заклапочаны пошукам шляхаў вырашэння праблемы.
А яна, па словах дырэктара, не адзіная.
– Я падтрымліваю паслабленні, якія дала дзяржава ўладальнікам аграсядзіб, – кажа Віталь Аляксандравіч. – Але разам з тым не разумею, чаму не зраўняліся ўмовы дзейнасці прыватнікаў і дзяржаўных арганізацый хаць б у падаткаабкладанні. На Браслаўшчыне зарэгістравана больш за 300 аграсядзіб, дзе слова “агра” умоўнае. На берагах азёр выраслі гасцініцы, у якіх здаецца толькі ложка-месца, гаспадары зарабляюць вялікія грошы, а падаткаў уносяць капейкі, за спажыванне электраэнергіі, газу, вады, за вываз смецця (калі наогул ёсць такі дагавор) плацяць па тарыфах для фізічных асоб. Парк за мінулы год прыняў 3573 адпачывальнікаў на базах і 2,5 тысячы на турстаянках. Магчымасці аграсядзіб у разы большыя, бо па неафіцыйнай статыстыцы за лета на Браслаўшчыне бывае больш за 35 тысяч наведвальнікаў.
Аднак усе – гаспадары аграсядзіб і насельніцтва – патрабуюць, каб менавіта мы адказвалі за парадак на берагах рэк і азёр, ачышчалі іх ад трысця і чароту, уладкоўвалі і трымалі ў часціні месцы адпачынку – адным словам, стваралі ўмовы для таго, каб гаспадары зараблялі больш грошай.
У гэтай прэтэнзіі кіраўніка да ўладальнікаў аграсядзіб ёсць рацыя, як і ў прапанове стварыць грамадскі фонд, у які кожны з іх уносіў бы невялікую суму на агульныя патрэбы добраўпарадкавання зонадпачынку, якім самі распараджаліся.
Стваралі, напрыклад, новыя зоны для купання, падтрымлівалі на іх парадак, а не патрабавалі, каб гэта рабілі толькі нацпарк і сельвыканкамы.
Парку сапраўды цяжка канкурыраваць з аграсядзібамі. Цана пуцёўкі залежыць ад затрат, панесеных на арганізацыю адпачынку, а ў “Браслаўскіх азёрах” яны значна большыя за прыватніка, уключаюць падаткі на зямлю і нерухомасць, плацяжы па амартызацыі будынкаў, сродкі на касметычны рамонт, абнаўленне мэблі, аплату энергіі, працы работнікаў на працягу года, а не толькі 2 месяцы сезона...
Курортнага збору ён заплаціў летась больш за 30 тысяч рублёў. Таму, як і іншыя дзяржаўныя ўстановы, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку людзей, хацеў бы таксама мець прэферэнцыі. Тым больш што рэкрэацыйная дзейнасць – адна з асноўных у яго структуры і ў развіццё яе штогод укладваюцца вялікія сродкі.
На падрыхтоўку турстаянак да леташняга сезона, напрыклад, было выдаткавана больш за 30 тысяч рублёў: абноўлены альтанкі, сталы і лаўкі, кантэйнеры для смецця, абсталяваны палявыя лазні. Дарэчы, такое ноу-хау, якога больш няма нідзе на стаянках Беларусі, спадабалася турыстам, і сёлета колькасць лазняў будзе істотна павялічана.
Наогул, нацпарк мае намер пашыраць прыём турыстаў менавіта ў палатачных гарадках. 65 заказных і 8 агульных стаянак не пустуюць, чым паказалі запатрабаванасць такога віду адпачынку. Многія з месцаў ужо распісаны на ўсё лета. У перспектыве такой зонай стануць землі ля азёр Струста і Снуды, дзе цяпер ідзе ўладаванне прыбярэжнай тэрыторыі.
З года ў год пашыраюць “Браслаўскія азёры” і колькасць турыстычных паслуг. Пункты пракату спортінвентару на ўсе сезоны цяпер ёсць не толькі на базах, але і ў сафары-парку. Для падарожжа па ім пракладзены пешыя і веласіпедныя маршруты, добраўпарадкаваны месцы адпачынку на возеры Саванар.
Ідзе будаўніцтва “дарогі егера”, якая таксама будзе служыць для тых турыстаў, хто жадае паназіраць за аленямі, ласямі, казулямі, зайцамі, лісіцамі, бабрамі. Актыўна развіваецца арніталагічны турызм. Спецыялісты ўлічваюць інтарэсы кожнага госця, каб згодна з імі фарміраваць экскурсійныя праграмы, анімацыйныя мерапрыемствы і культурныя імпрэзы, займаць дарослых і дзятву.
Фото из архива “ВВ”