Найбольш лясісты раён Беларусі — Расонскі, дзе лясамі пакрыта 71,4% тэрыторыі (па краіне — 39,8%).
Самая вялікая ў нашай рэспубліцы хвоя (Pinus sylvestris) знаходзіцца каля вёскі Сушчова Віцебскага раёна: вышыня – 35 м, узрост – каля 200 гадоў. Другая з ліку яе найбольш адметных «супляменніц» вырасла каля вёскі Бібіраўка гэтага ж раёна. Мясцовыя жыхары называюць дрэва «Ведзьмінай лапай». У Бібіраўку можна дабрацца так: на віцебскім аўтобусе №12 да Уланавіч, а затым паўтара кіламетра праз лес.
Каля аздараўленчага лагера «Магістраль» у Лётцах (Віцебскі раён) стаіць елка з незвычайнай кронай, якую людзі празвалі «Цуда-дрэвам».
Нашай вобласці больш уласцівыя хваёвыя лясы, дзе пераважаюць елка і сасна. Але самыя вялікія дрэвы тут – дубы, якія растуць радзей, затое волатамі. Мясцовы іх рэйтынг выглядае наступным чынам: на першым месцы больш чым 500-гадовы дуб у старым парку аграгарадка Сітцы Докшыцкага раёна, на другім – у вёсцы Тадуліна Лепельскага, трэці – Сахонаўскі паблізу вёскі Вышнарава Верхнядзвінскага раёна і чацвёрты па велічыні – у Юсціянаве гэтага ж раёна. Ім нададзены статус батанічных помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.
У Арлейскім лясніцтве Дрэтуньскага лясгаса (Полацкі раён) ёсць экзэмпляр ядлоўцу дыяметрам 24 см. Звычайна ён расце кустом і рэдка мае дрэвавідную форму.
А самую вялікую чарэшню на Беларусі можна ўбачыць у аграгарадку Празарокі Глыбоцкага раёна, на вуліцы Полацкай, каля дома №13. Абхват ствала дасягае 176 см.
Незвычайны выпадак, бо век чарэшні невялікі – 25 – 30 гадоў, а гэтаму дрэву, верагодна, каля сотні. Землекарыстальнік – Дзісненскі лясгас.
Мікалай Півавар, кандыдат гістарычных навук. Фота з адкрытых крыніц.