Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Здоровье

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг з Міёраў Георгій Раманенка: «Ратаванне хворага – справа камандная»

У аддзяленні рэанімацыі Міёрскай ЦРБ лёгкіх дзяжурстваў не бывае. Але гэтая ноч для анестэзіёлага-рэаніматолага, загадчыка аддзялення Георгія Раманенкi выдалася асабліва трывожнай. Давялося ратаваць пацыента з цяжкай пнеўманіяй і ацёкам лёгкіх. Праведзены аналіз паказваў наяўнасць у крыві антыцел, значыць, ужо перахварэў на кавід. Само ж цячэнне хваробы, самаадчуванне гаварылі, што менавіта гэты вірус паразіў арганізм. Адным словам, змагацца за жыццё чалавека давялося ўсю ноч, і толькі на досвітку таму стала лягчэй, з’явілася надзея, што крызіс абмінуў.

Што будзе ўрачом, Георгій Іванавіч ведаў з шостага класа. З 1-га па 10-ы клас штогод давялося ляжаць у бальніцы, бачыць работу медыкаў, на сабе адчуць вынік іх клопату, – гаворыць пра выбар прафесіі мой субяседнік.

Скончыўшы школу, Георгій спачатку паступіў у медвучылішча, потым у Віцебскі медінстытут. Калі прыйшла пара вызначыцца са спецыялізацыяй, выбраў анестэзіялогію. Яго куратар адгаворваў, бо лічыў, што з таленавітага студэнта атрымаецца добры хірург, а анестэзіялогія – для дзяўчат. У жарт і ўсур’ёз пераконваў тым, што яго пацыенты ў большасці сваёй не ведаюць доктара, які даваў наркоз. Запомняць і будуць удзячныя хірургу, хоць і ён, анестэзіёлаг, зробіць не менш важную справу для паспяховага правядзення аперацыі і выздараўлення.

Але Георгій застаў­ся верны выбранаму шляху: больш за 40 гадоў рыхтуе пацыентаў да аперацыі, выводзіць з яе, праводзіць інтэнсіўную тэрапію ў пасля­аперацыйны перыяд.

У Міёрах Георгій Раманенка аказаўся пасля Чарнобыльскай аварыі. Адсюль была яго жонка. Сам не раз гасціў у водпусках, палюбіў прыроду, азёры.

– Але не ведаў, што не буду іх бачыць па прычыне занятасці на працы, – уздыхае доктар. – Крыху лягчэй, калі ходзіш у аддзяленне праз два дні. Але такія перыяды нячастыя ў маёй практыцы. Здараецца, прысутнасць у аддзяленні патрабуецца штодня, бывае —  праз дзень. Два апошнія гады былі ў арганізацыйным плане больш лёгкія. У калектыў рэанімацыйнага аддзялення ўліліся тры маладыя спецыялісты. Праўда, сёлета адзін з іх пакідае Міёры, пераязджае ў суседні раён да жонкі. Нагрузка зноў павялічыцца. Хоць, па вялікім рахунку, ратаваць жыцці цяпер лягчэй, чым, скажам, гадоў 10 – 15 таму. Новыя, больш дзейныя лекі, методыкі лячэння і сучаснае абсталяванне прыйшлі ўрачу на дапамогу, дазваляюць выцягваць тых, каго раней чакала вечнасць.

Георгій Іванавіч узгадаў, як ратавалі міярчаніна, у якога спынілася сэрца. Дапамагло тое, што не паспелі з калегам змяніцца і дапамогу аказвалі ўдвух. Больш за паўтары гадзіны доўжыліся інтэнсіўныя рэанімацыйныя мерапрыемствы непасрэдна ў прыёмным пакоі. Сэрца запусцілі, паклалі пацыента ў рэанімацыю, а там зноў спыненне. І зноў змаглі запусціць. Той чалавек жыве, на радасць урачам, адчувае сябе добра.

– Ратаванне чалавека – справа камандная, дзе ёсць камандуючы і яго памочнікі, таксама спецыялісты. У рэанімацыі нават санітарка, калі спатрэбіцца, павінна быць памочніцай. Тады і эфект відавочны, — падкрэслівае Георгій Іванавіч.

Георгій Раманенка – урач з салідным стажам, паважаны чалавек у калектыве і ў раёне. Калі на Міёршчыне даведаліся, што яму прысвоілі званне «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», парадаваліся, бадай, усе, бо гэта выдатна, калі побач з табой жыве і працуе доктар такой высокай кваліфікацыі.

Фота Казіміра Блажэвіча.

 

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ