Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

У Дзісне Міёрскага раёна адсвяткавалі 76-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Дзісненцы любяць свой горад, багаты на гістарычныя помнікі, які раскінуўся ў непаўторных мясцінах Міёршчыны, дзе зліваюцца Дзвіна з Дзісною.

У большасці тут прамільгнулі дзяцінства і юнацтва, тут спазналі першае каханне і мелі першыя поспехі маладосці, з гадамі набылі мудрасць сталасці. На кожным этапе побач быў родны горад — невялікі, ціхі, утульны. Сваю любоў да яго яны пранеслі праз жыццё і выказваюць па-рознаму, у тым ліку на святах горада, якія звычайна прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Такім чынам адначасова аддаюць даніну памяці тым, хто склаў галовы за свабоду і незалежнасць краіны ў гады Вялікай Айчыннай, і ўслаўляюць сённяшніх жыхароў Дзісны, што вызначыліся ў розных накірунках дзейнасці.

Сёлета яшчэ задоўга да афіцыйнага пачатку свята горад напоўніла музыка. Мясцовыя і прыезджыя рамеснікі ў парку разгортвалі маленькія выставы сваіх работ, уладкоўвалі месцы для майстар-класаў, ля сцэны збіраліся самадзейныя артысты… Правялі мітынг, прысвечаны 76-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ля брацкай магілы ў цэнтры горада ў прамове старшыні Міёрскага райвыканкама Ігара Кузняцова і іншых выступоўцаў былі ўзгаданы страшныя старонкі ваеннага ліхалецця, важныя эпізоды вызвалення Дзісны і наваколля ад акупантаў, на мемарыяльныя пліты ўскладзены вянкі і жывыя кветкі, пасля чаго дадзены старт аўтапрабегу «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі». Невялікая калона баявых машын рушыла па маршруце Дзісна – Восцевічы – «Дзісненскі рубеж»: па месцах воінскай славы байцоў Чырвонай арміі.

 Раённая і гарадская ўлада ў розных намінацыях узнагародзілі калектывы, лепшых работнікаў, актывістаў за працу і клопат пра добраўпарадкаванне горада.

Дзісна перажывае шэраг перамен, звязаных з прадаўжэннем газіфікацыі горада, рамонтам водаправоднай сеткі, жылых дамоў. Дзякуючы старанням зацікаўленых службаў, мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі і саміх жыхароў горад абнаўляе твар. Па словах старшыні гарвыканкама Яўгена Барана, у дапамозе па навядзенні парадку ніхто не адмовіў, але часцей за іншых на просьбу адгукаўся калектыў Дзісненскага лясгаса, які і стаў пераможцам у намінацыі «Дапамога гораду».

Дзісна святкавала да позняга вечара. Яркасць фарбам надавалі спевы самадзейных артыстаў Міёршчыны і гасцей з Полацка, выступленне рыцарскага клуба «Шатландская пяхота», які паказаў, як праходзілі ў перыяд Сярэднявечча баявыя сутычкі. Дзеці з ахвотай размалёўвалі твары аквагрымам, бавілі час на атракцыёнах. У 23.00 неба асвяціў феерверк.

Фота Ігара МАТЭЛЕНКІ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ