Індывідуальны прадпрымальнік Вячаслаў Дзямітка з Браслава крыху менш чым год назад пачаў асвойваць незвычайную для сябе нішу — шыць вулічныя шторы. Як зараз развіваецца яго бізнес, пацікавілася карэспандэнт «ВВ».
Да гэтага прадпрымальнік займаўся гандлем, але «вырас» з яго і палічыў, што час пачынаць вытворчую дзейнасць. Выбраў швейную, гатовая прадукцыя якой прызначалася для вулічнага аздаблення дач, месцаў адпачынку. Новую справу арганізаваў у Браславе, дзе больш за ўсё не толькі на Віцебшчыне, а, магчыма, і ў краіне дач, аграсядзіб, турбаз рознай падпарадкаванасці, а значыць, і большыя магчымасці для вывучэння попыту.
Першыя тры месяцы работы паказалі, што прадукцыя запатрабавана. І не толькі ў жыхароў азёрнага краю. Заявіўшы пра сябе, Вячаслаў Дзямітка прапанаваў простую для сваіх патэнцыяльных кліентаў форму абслугоўвання – праз сеціва. Дамовы, заказы, разлікі – усё праз яго. Зручнасць зносін, хуткасць абслугоўвання і цэны прывабілі людзей і арганізацыі. Попыт у некалькі разоў перабольшыў магчымасці ІП. Таму ў маі мінулага года паралельна з індывідуальным прадпрымальніцтвам Вячаслаў Дзямітка зарэгістраваў таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЭірТэкстыльБел», дзе стварыў трынаццаць рабочых месцаў.
– Тканіна кітайская, закупляем у Мінску, – расказла тэхнолаг Ілона Козусева. – Асноўны від прадукцыі – вулічныя шторы. Шыем іх у залежнасці ад пажадання заказчыка на ліпучках, кулісах, глухіх петлях, люверсах. Колер таксама па выбары кліентаў. Запыты прыходзяць з усёй постсавецкай прасторы. Заказчык з Геленджыка, напрыклад, прасіў пашыць пляжныя парасоны, з поўдня мелі вялікі заказ на дахі на арэлі, палаткі. Наогул, заяўкі выконваем самыя розныя. Для фестывалю «VІVА Браслаў» шылі аб’ёмістыя палаткі, для турбаз – падушкі на садовую мэблю і нават чахлы для захоўвання зімой вулічных дзіцячых атракцыёнаў.
Кожны заказ стараемся выканаць якасна, за што маем ад пакупнікоў ацэнку ў асноўным па пяць зорачак.
– І ніводнага незадаволенага? — удакладніла ў Ілоны.
– Мелі некалькі, але, мяркуем, яны былі заказаны канкурэнтамі. – Лічым так, бо на просьбу паказаць брак наш ганьбец прапаў. Брак можа здарыцца, калі закройшчыцы прагледзяць дэфект тканіны. Таму, акрамя іх, за якасцю сочаць швачкі, два тэхнолагі і ўпакоўшчык. На маскоўскай інтэрнет-пляцоўцы «Азон» нават да ўпакоўкі высокія патрабаванні.
Жыццё прымушае быць мабільнымі, чуйна рэагаваць на змены попыту, моду на колер, мадэлі. Для гэтага ў маленькага прадпрыемства ёсць менеджэр, дыпламаваны дызайнер вопраткі, прафесіянальным навыкам якога знайшлося прымяненне і ў стварэнні адзення для вулічнай мэблі. Адным словам, тысяча штор, іншая прадукцыя, якая зыходзіць з канвеера майстэрні ў Браславе, знаходзіць свайго спажыўца.
Выйграў і невялікі раённы цэнтр, атрымаўшы 19 рабочых месцаў і адлічэнні ў бюджэт, і прадпрымальнік, якому гэта дабаўляе вагі да іміджу.
Фота Тамара ПАШКЕВІЧ