Варапаева абуджаецца. Пасля разгубленасці з нагоды закрыцця спачатку завода жалезабетонных вырабаў, а пазней і дрэваапрацоўчага камбіната мясцовыя жыхары ўсё актыўней развіваюць асабістыя падсобныя гаспадаркі, аказваюць паслугі па выкананні сельгасработ, нарыхтоўцы дроў, бытавога накірунку. Таццяна Ляшкевіч, напрыклад, занялася выпечкай кандытарскіх вырабаў.
– Прыйшоў час, калі я адчула, што здольная пашырыць сферу дзейнасці, – расказала яна. – Да гэтага займалася гандлем. За плячамі больш за пятнаццаць гадоў работы ў гэтай сферы. Маю тры невялікія магазіны: два ў Варапаеве, адзін у суседняй вёсцы Гута. Аднак хацелася не толькі прадаваць, але і вырабляць прадукцыю – свежую здобу, такую, як некалі рабілі ў мясцовай пякарні спажывецкай кааперацыі. Але, як кажуць, жаданні і магчымасці доўга не супадалі.
Летась у прадпрымальніцы з’явілася свабодная плошча, і яна ўзялася за рэалізацыю даўняй задумы. На крэдыт банка купіла міні-пякарню, запрасіла на працу Вольгу Зарубу – кандытара з вопытам, якая рабіла тыя знакамітыя булачкі ў старой пякарні. Каб заахвоціць пакупнікоў, першыя партыі раздалі бясплатна. А потым Таццяна Ляшкевіч пачала рэалізоўваць прадукцыю ў сваіх магазінах.
Маркетынгавы ход уладальніца гандлёвых кропак разлічыла правільна, што пацвердзіў рост выручкі. Той, хто прыходзіў за булачкамі, набываў адначасова і іншы тавар. І наадварот. Попыт дыктаваў неабходнасць павелічэння аб’ёмаў і асартыменту выпечкі.
Цяпер міні-пякарня вырабляе пяць відаў булачак, кексы, батоны, а да святаў прапануе яшчэ тарты, рулеты. З сакавіка пачалі выпякаць хлеб. Цеста пад усю прадукцыю Вольга Заруба рыхтуе без прымянення хімічных дабавак – толькі мука, мёд і солад. І хоць у продажы цяпер дзясяткі гатункаў хлеба ад розных вытворцаў, у прадпрымальніцы фарміруецца сваё кола спажыўцоў.
– Хлеб ад Таццяны Ляшкевіч захоўваецца доўга, не пакрываецца цвіллю,– сказала бабуля, якая выходзіла з магазіна з боханам.
– Дакраніцеся, булачкі яшчэ цёплыя, – прапанавала маладая жанчына. – Мае дзеці звычайна снедаюць імі з малаком.
– Попыт сапраўды расце, – пацвердзіла Таццяна Вітальеўна. – Два разы па просьбе жыхароў райцэнтра выязджалі ў выхадныя на рынак у Паставы. Першы раз узялі 300 булачак – не хапіла. У другі павезлі 600 – і зноў назад вярталіся ўлегцы. Думаю ўжо пра арганізацыю на міні-пякарні другой змены.
Сёння на прыватным гандлёвым прадпрыемстве Таццяны Ляшкевіч працуюць 15 чалавек. З расшырэннем вытворчасці штат абяцае вырасці. На сваім прыкладзе прадпрымальніца паказала, што і ў адносна невялікім населеным пункце можна мець поспех, толькі трэба не баяцца брацца за справу, а свабодных нішў для рэалізацыі ўласнай ініцыятывы яшчэ шмат.