Работы, якія ажыццяўляюцца сёння пры падрыхтоўцы да абласных «Дажынак-2017», выходзяць далёка за межы «генеральнай уборкі». Маштабы і характар пераўтварэнняў дазваляюць разглядаць іх у межах гарадскога развіцця. Гэтымі днямі на святочны партрэт Дуброўна наносяцца апошнія штрыхі: завяршаецца рэканструкцыя аб’ектаў, добраўпарадкоўваюцца дарогі, вуліцы.
А лейтматывам чарговай нарады па падрыхтоўцы да фестывалю, якая прайшла ў аблвыканкаме пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева з удзелам зацікаўленых структур, стала вызначэнне асноўных дзеянняў падчас свята.
За гады існавання гэтае свята стала значнай з’явай у жыцці рэгіёна. «Дажынкі» даюць магчымасць кожнаму далучыцца да традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, у тым ліку павагі да чалавека працы.
– «Дажынкі» – гэта свята ўсіх працаўнікоў вёскі, жыхароў горада і раёна, шматлікіх гасцей. Яны павінны паўнавартасна адчуць урачыстасць моманту, – акцэнтаваў увагу Уладзімір Уладзіміравіч.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў перакананы: падрыхтоўка да фестывалю павінна стаць клопатам не толькі абласных і раённых улад. Справа гонару кожнага жыхара Дуброўна і раёна – дастойна сустрэць гасцей.
Большасць пунктаў у праграме фестывалю маюць чыста гаспадарчы характар. Але нямала такіх, якія ўносяць у свята своеасаблівы каларыт: праекты «Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці», «Віцебшчына фестывальная», «Вітае Дубровеншчына».
Райцэнтр прадэманструе свае дасягненні і славутасці: гасцям раскажуць пра гісторыю, знакамітых землякоў, фестывальны рух, рамесную дзейнасць. Па-мастацку аформяць выставы караваяў, сельскагаспадарчай тэхнікі, пройдуць паказальныя выступленні ратавальнікаў. У працу ўключыцца і шэраг гандлёвых кропак.
Галоўным сімвалам абласнога фестывалю па традыцыі стане шмат'ярусны каравай, выпечаны з мукі новага ўраджаю, які ўпрыгожыць галоўную сцэнічную пляцоўку. Адным з ключавых момантаў будзе ўрачыстае адкрыццё загса, дзіцячай пляцоўкі, фантана.
Уладзімір Цярэнцьеў даў устаноўку: на кожным з арганізацыйных этапаў ні адно звяно, адказнае за падрыхтоўку да свята, не павінна даць збой. Да таго ж кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці даручыў адпаведным службам вырашыць пытанні, звязаныя з арганізацыяй бяспекі грамадзян, паркоўкі транспарту, харчавання. Дэталёва трэба адпрацаваць і графік заездаў дэлегацый, расстаноўку тэатралізаваных пляцовак. Ход выканання заданняў будзе кантралявацца.
Вольга БУЛАЎКА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.