Як расказаў галоўны аграном Віктар Курыкша, спецыялізацыя сельгаспрадпрыемства накладвае адбітак на арганізацыю ўборачных работ:трэба захаваць чысціню віду, сорту, рэпрадукцыі насення. Гэта азначае, што практычна кожны дзень камбайнерам даводзіцца чысціць свае машыны, каб у новую партыю не трапіла зярнят іншага сорту.
Такімі ж пільнымі павінны быць вадзіцелі, занятыя на адвозцы збажыны, ды работнікі сушыльнай гаспадаркі. Пры недаглядзе замест пасадачнага матэрыялу можна атрымаць фураж. Гэтыя асаблівасці ўплываюць на тэмпы жніва. Толькі прудзінскія механізатары – асы сваёй справы. Летась тысячнікамі сталі тры з іх, а Уладзімір Лапкоўскі наблізіўся да дзвюх тысяч тон намалоту. Ён і сёлета наперадзе. На ўборцы азімага рапсу, якую вялі Барыс Ананчанка, Сяргей Ядрэўскі і Уладзімір, камбайнеры, лічы, ішлі плячо ў плячо. Намалот адрозніваўся адзін у аднаго на тону-дзве. З гектара ўзялі па 36 цэнтнераў, намалацілі 415 т каштоўнай сыравіны для атрымання масла і шроту.
– Маглі б значна больш, –перажывалі камбайнеры. – Град у ліпені, лічы, знішчыў культуру на 60 гектарах. Страты значныя. Іншыя культуры пацярпелі менш, даюць добры ўраджай.
Пад збожжавымі і зер-небабовымі ў сельгаспрадпрыемстве занята больш за паўтары тысячы гектараў. Цяпер з васьмі камбайнаў у полі шэсць. Убіраюць азімую пшаніцу. На 1 жніўня яе было намалочана больш за тысячу тон. У сярэднім кожны гектар дае па 46,6 ц збажыны. А ва ўрочышчы Асінавыя кладкі бралі па 52. Ёсць яшчэ не адзін участак, які абяцае даць высокі ўраджай.
На чарзе – азімы ячмень. Яго пасеяна крыху больш за паўсотні гектараў сортам «буслік». – Ён свой, беларускі, не ранні, – гаварылі механізатары. – Наш аграном спланаваў, каб паспяванне культур не нарабіла аўралу на сушыльным комплексе, дапрацоўка зерня ішла раўнамерна. Першыя пробныя заезды паказалі, што ячмень дасць у сярэднім да 50 ц з гектара.
Пры такім напружаным рытме працы людзям патрэбна добрае харчаванне і ўмовы, хоць для кароткага, але паўнацэннага адпачынку. Пра гэта, дарэчы, у «Прудзінках» заўсёды клапаціліся кіраўніцтва і прафкам. Старшыня грамадскай арганізацыі Аляксандра Ананчанка расказала, што ў камбайнераў і іншых удзельнікаў жніва двухразовае гарачае харчаванне, 80 % кошту якога аплочвае гаспадарка. Гатуюць стравы повары кафэ, адпаведна статусу прадпрыемства грамадскага харчавання. Меню абедаў разнастайнае, каларыйнае і, галоўнае, ежа смачная. Забяспечаны камбайнеры пітной вадой, аптэчкамі. Арганізаваны падвоз работнікаў. Кожны ранак кіраўніцтва інфармуе пра вынікі мінулага дня – хто і колькі намалаціў.