Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

У ААТ «Рыбгас «Навінкі» кожны дзень вылоўліваюць больш за 30 тон карпа, таўсталобіка, амура і іншай рыбы

За дзень у сажалках ААТ «Рыбгас «Навінкі», што на Пастаўшчыне, вылоўліваюць больш за 30 тон карпа, таўсталобіка, амура і іншай рыбы.

 

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Ліхаманаў расказаў, што ў буйных гарадах Віцебшчыны па некалькі разоў на тыдзень бойка вядуць гандаль прадаўцы спецыялізаваных машын з надпісам «Жывая рыба». Яе развозяць 10 спецыяльных машын. Прычым тры экіпажы кожны тыдзень з аўторка па нядзелю абслугоўваюць абласны цэнтр.

Цяпер у штучных збудаваннях свой уборачны прыпар: калектыў пачаў аблоў гадавальнікаў. На сямі нагульных сажалках, кожная плошчай ад 100 да 120 гектараў, рыбакі па чарзе адчыняюць шлюзы і скідваюць ваду ў  раку Галбяіца. Гэта да 12 мільёнаў кубаметраў.   Спускаючы ваду, яны  прымушаюць рыбу  рухацца ў штучных рэчышчах у бетонны калодзеж рыбазборніка, пасля вялікімі сачкамі чэрпаюць прыплыўшую рыбу і грузяць у кантэйнер. Кран падымае яго і выгружае ў машыну.  Відовішча ўражвае.  Дзясяткі асобін рыб  трапляюць у абмежаваную прастору, шукаюць з яе выйсце і трапляюць у сачок. Цыстэрна машыны напаўняецца за дзясятак хвілін. Далей – сартавальная база, праз якую кожны год праходзіць каля 900 – 1000 тон рыбы. Тут яе сартуюць не толькі па відах, але і па вазе на сярэднюю, буйную, адборную і адборна-элітную. Частку  адразу адправяць на рэалізацыю, частку вернуць у зімавальнікі, адкуль будуць зноў па меры неабходнасці вылоўліваць і прадаваць. У сажалкі на дарошчванне адпраўляецца і моладзь вагой да 300 грамаў.

Калі верасень быў спагадлівым для работы нават у нялетняй вадзе, то кастрычнік выдаўся цяжкім.  Тэмпература стала рэзка падаць, пачаліся дажджы і вятры. Але гэта не падстава, каб прыпыняць аблоў. Яго давядзецца працягваць аж да сярэдзіны лістапада. Па планах, як адзначыў дырэктар, ураджай блакітнай нівы збіраюцца закончыць да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, які святкуе і іх калектыў.

–  Як у аграрыяў, так і ў рыбаводаў вынікі работы ў многім залежаць ад надвор’я, – сказаў ён. – І, вядома, ад прафесіяналізму работнікаў. Пра канчатковыя вынікі пакуль гаварыць рана, але, нягледзячы на розныя складанасці, разлічваем атрымаць не менш чым тысячу тон рыбы. Першыя дні аблову паказваюць, што «ўраджай» збяром нядрэнны. І толькі таму, што строга выконвалі ўсе тэхналагічныя працэсы. Вясной дакладна правялі інкубацыйную кампанію. Атрымалі ікру, потым  –  малявак шчупака, карпа, ліня, сома. Прыкладна з мая да пачатку кастрычніка, калі рыба найлепш набірае вагу,  кармілі яе спецыяльным камбікормам. Восенню атрымалі  пасадачны матэрыял, які на наступны год пройдзе этапы дарошчвання – сяголетка, двухгодка, далей нагул. Працэс вырошчвання таварнай рыбы доўжыцца ад 2 да 3 гадоў. З ікрынкі вырастае маляўка, потым сяголетак вагой не больш за 70 грамаў, за другое лета набярэ каля 250 грамаў і толькі на трэцяе можа дасягнуць 1 кілаграма.  Затое якая радасць, калі твае намаганні далі добры плён.

Работы наперадзе яшчэ многа. Пасля завяршэння аблову сажалкі ўсю зіму прамарожваюцца, а вясной зноў запаўняюцца вадой, пачынаецца чарговы цыкл вырошчвання карыснай для чалавека прадукцыі.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ