З поля на машынны двор камбайнеры СУП «Цітова» Міёрскага раёна вярнуліся каля 10 гадзін вечара. Дзень выдаўся напружаным. Прагноз абяцаў хоць і кароткачасовыя, але дажджы, і яны маглі сапсаваць рабочы рытм. Таму Анатоль Сачыўка, Аляксандр Каснікоўскі, Уладзімір Талапіла і Андрэй Аліпаў нават на абед адвялі лічаныя хвіліны. У выніку абмалацілі 75 га пшаніцы.
– Тры камбайнеры – нашы мясцовыя хлопцы, – расказала галоўны аграном гаспадаркі Святлана Сачыўка. – Самы вопытны Анатоль. У гаспадарцы працуе са школьнай лаўкі. Адсюль пайшоў у армію, сюды вярнуўся і больш за 30 гадоў нязменны ўдзельнік жніва. Штогод у раёне ён у лідарах. І сёлета мае сярод таварышаў самы высокі намалот. Пяты сезон на камбайне Уладзімір, таксама спраўны работнік. Навічок Каснікоўскі, якога таксама лічым ужо сваім. Сям’я прыехала да нас з Глыбоччыны, атрымала ад гаспадаркі дом і стараецца апраўдаць давер. Аляксандр добры механізатар, сёлетняя ўборка ў яго першая. Андрэя прыслала галаўное прадпрыемства аграпрамысловага аб’яднання. Палачанін знаёмы з сялянскай працай, не цураецца яе, на сваім «еўрапейцы» ўборку вядзе спраўна. Заўтра да іх далучыцца Віктар Лінкевіч, якога «знімалі» з камбайна, каб дапамог занятым на ўзорванні глебы механізатарам рыхтаваць яе да пасеву рапсу.
У Святланы Пятроўны прэтэнзій да работы кам-байнераў не было. Гаварыла, стараюцца ўсе, каб не падвесці калектыў, дзе кожны прама ці ўскосна меў дачыненне да таго, каб ураджай быў больш важкім. Шкада, што ён атрымаўся меншым за леташні. Толькі гэта не па прычыне хібаў у рабоце людзей. Сваё слова сказала прырода. 200 гектараў у асноўным азімага жыта стаяла вясной у вадзе. Іх гаспадарка не стала спісваць. Толькі 40 га з самымі слабымі раслінамі ўбралі і заклалі ў сянаж. Недабор жыта адбіваецца на агульнай ураджайнасці. З лепшых участкаў хлебаробы сабралі па 25 ц з гектара, у сярэднім жа атрымалася 19.
А вось пшаніца ўрадзіла лепш. Яе на круг намалочваюць амаль па 27 ц. І ўсіх апярэдзіў азімы ячмень, якога пасеялі на пробу 43 га. А ён даў амаль па 30 ц на круг. Таму сёлетняй восенню плошчу пад яго павялічваюць да 110 га.
Уборка збожжавых і зернебабовых у СУП «Цітова» можна сказаць на фінішнай прамой. Завяршыць яе плануюць да 25 жніўня і сканцэнтравацца на сяўбе азімых пад ураджай 2024 года.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.