У Браславе падчас "Дажынак-2019" прайшлі выстава старажытнасцяў, бітва футбалістаў і конкурс повараў. На кожным з мерапрыемстваў пабываў карэспандэнт «ВВ».
Цікавіліся і гісторыяй Браслава
У дні абласнога фестывалю- кірмашу былі запатрабаваныя і браслаўскія музеі – гісторыка-краязнаўчы і традыцыйнай культуры. Госці з задавальненнем аглядалі горад, яго знакамітыя месцы, па расказах экскурсаводаў і экспазіцыях знаёміліся з гісторыяй і культурай краю. Да “Дажынак” была аформлена і тэматычная выстава «Зямлі спрадвечнай рамяство». У экспазіцыі прадстаўлена шмат цікавых экспанатаў: каменныя сякеры з паселішча Зазоны (ІІ ст. да н. э. — ІІІ ст. н. э,., каменныя цёрачнікі і зерняцёрка з гарадзішча
Рацюнкі (ІІ — пач. І тысячагоддзя н. э.), прылады часоў сярэднявечча — серпавідныя нажы, знойдзеныя на гарадзішчы жалезнага веку Нурвяны, нарыхтоўка для рала, якое апраналася на саху, жалезныя сякеры, матыкі і некалькі элементаў старажытных жорнаў. Гістарычныя звесткі нясуць і фота 30-х гадоў пра святкаванне дажынак у Глыбокім, фотаздымкі 50-60 гг. з жыцця калгасаў на Браслаўшчыне і інш.
Якое свята без спартыўных баталій
Праграма фестывалю была насычана спартыўнымі мерапрыемствамі. На абноўленым футбольным полі зышліся ў барацьбе за першае месца каманды з Шаркаўшчыны, Браслава і Відзаў. Выйгралі госці.
Шмат балельшчыкаў і гледачоў сабраў матч паміж жаночымі камандамі. Міёрскія дзяўчаты таксама аказаліся больш падрыхтаванымі. З іншага боку, магчыма, гаспадары не хацелі ў святочны дзень псаваць настрой спартсменам з суседніх раёнаў і ўступілі.
Побач з футбольным полем на спартыўнай пляцоўцы дэманстравалі спрыт аматары вялікага тэнісу, таварысцкімі сустрэчамі браслаўчане адкрывалі баскетбольную пляцоўку ля СШ №2 і футбольную – ля СШ №1.
Абед па раскладу
У адрамантаванай і абстаўленай новым тэхналагічным абсталяваннем сталовай СШ №2 прайшоіў раённы конкурс повараў школ Браслаўшчыны. Кожны меў заданне прыгатаваць і сервіраваць стол коштам 1 рубель 21 капейку для абеду вучняў пачатковых класаў. Усе пяць каманд з заданнем справіліся і нават пераўзышлі яго. З гародніны і прадуктаў, якімі дазволена карыстацца ў школьных сталовах, прыгатавалі столькі прысмакаў, што журы не змагло выбраць лепшага кулінара. Кожны стаў пераможцам у адной з намінацый.
Фота з архіва «ВВ»