Пра што раскажуць Белыя і Навальнічныя анёлы, якія спусцяцца з неба на зямлю ў новай казачнай гісторыі для дзяцей? Ці ўбачаць гледачы ў гэтым сезоне на сцэне «Лялькі» доўгачаканую пастаноўку пра Марка Шагала? Якія творчыя планы ў віцебскіх лялечнікаў на новы тэатральны год? На гэтыя і іншыя пытанні напярэдадні адкрыцця 33-га сезона адказалі мастацкі кіраўнік калектыву заслужаны мастацкі дзеяч Віктар Клімчук
і рэжысёр Міхась Клімчук.
Новы тэатральны сезон стартуе 30 верасня, у нядзелю. У гэты дзень маленькіх гледачоў чакае прэм’ерны спектакль «Казкі пра казку». Пастаноўку паводле твораў вядомай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык ажыццявілі рэжысёр Міхась Клімчук і мастачка Соф’я Шахноўская.
– Ганна Сілівончык піша невялічкія казкі, я выбраў восем з іх і аб’яднаў у адну гісторыю, – расказаў Міхась Клімчук. – У цэнтры пастаноўкі – некалькі герояў. Адзін, які зрабіў у сваім жыцці больш добрых спраў, трапляе на белае воблака, сядзіць там з біноклем і кнігай і назірае за людзьмі. Часам ён спускаецца да іх на зямлю і распавядае добрыя казкі. Другі герой зрабіў больш дрэнных учынкаў, і яго адправілі на хмару, каб ён там кожны дзень чысціў неба ад дажджу і снегу. Але і яму хочацца пазнаёміць кагосьці са сваімі аповедамі. Падчас сумеснай творчасці героі ствараюць новыя займальныя і павучальныя гісторыі.
Дарослым у гэты дзень пакажуць спектакль «Спакуса, або Чорны манах» паводле апавядання Антона Чэхава. Гледачы змогуць паназіраць за развіццём у райскім садзе адвечнага сюжэту, што назаўжды перамяніў лёс усіх, хто знітаваны повяззю кахання.
Адной са знакавых падзей новага тэатральнага года стане пастаноўка «Шагал. Вяртанне ў Віцебск», прэм’ера якой запланавана на люты 2019-га. Перад пачаткам рэпетыцый адбудзецца адкрытая сустрэча з даследчыкамі жыцця і творчасці мастака – Аркадзем Падліпскім, Віктарам Марціновічам і Аляксандрам Лісавым.
– У свой час мяне моцна ўразіла кніга Марка Шагала «Маё жыццё», – прызнаўся Віктар Клімчук. – Пасля яе прачытання я вырашыў напісаць п’есу пра чалавека, які праславіў Віцебск на ўвесь свет.
Мастака для пастаноўкі, Соф’ю Шахноўскую, аўтар знайшоў у Мурманску. Плануецца, что галоўную ролю ў спектаклі сыграе Юрый Франкоў.
Гэтай восенню калектыў тэатра адправіцца на міжнародныя фестывалі ў Белгарад і Калінінград.
У планах – унутраная рэканструкцыя будынка «Лялькі», у прыватнасці, стварэнне малой сцэны.
Фота http://lialka.by .