На Ушаччыну, у далёкую ад райцэнтра і імклівых трас вёсачку Бычкі, дзе 19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, кавалер шматлікіх ордэнаў і медалёў, пісьменнік, чыё імя вядома ва ўсім свеце, едуць і едуць людзі.
Хаця хаты, пабудаванай у 1933 годзе, дзе Васіль Уладзіміравіч правёў дзяцінства і юнацтва разам з бацькамі, братам і сястрой, ужо няма. Яе змушаны былі разабраць: з цягам часу правалілася падлога, абрынулася столь, разбурылася печ… Але былая сядзіба сям’і Быкавых поўнасцю адноўлена: дом, хлеў, гумно… Захаваліся і дрэвы, пасаджаныя бацькам пісьменніка.
Новабуд – дакладная копія былога бацькоўскага кута Васіля Быкава. Адноўлены інтэр’ер, этнаграфічна-бытавая экспазіцыя змяшчае рэчы, што належалі сям’і і асабіста пісьменніку, тут захоўваюцца яго творы і копіі малюнкаў, дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі вядомых людзей. Некаторыя экспанаты, між іншым, збіралі жыхары вёскі Бычкі, дзе памятаюць і ганарацца знакамітым земляком.
Музей-сядзіба В. Быкава была створана па рашэнні мясцовых улад і згодна з распараджэннем Віцебскага аблвыканкама ў 2004 годзе, яна з’яўляецца філіялам Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. Экскурсіі з інфармацыяй пра жыццё і дзейнасць Васіля Быкава праводзяцца для ўсіх жадаючых. Але яшчэ большыя ўражанні застаюцца ад размоў з вяскоўцамі, родзічамі, якія шмат гадоў жылі побач з будучым пісьменнікам і гонарам Беларусі, ды і потым нярэдка сустракаліся: Васіль Быкаў ніколі не забываў сваіх каранёў і наведваў родныя мясціны. Дазорцам музея працуе родны пляменнік творцы, Мікалай Быкаў. Непадалёк у доме, адзін з пакояў якога калісьці быў прыстасаваны пад школу, закончыў першы клас Васіль Быкаў, а цяпер жыве яго сваячка. Антаніна Аляксандраўна выйшла замуж за брата пісьменніка і некаторы час жыла разам з сям’ёй Быкавых у той самай хаце, на месцы якой створаны музей-сядзіба. Успамінае, што жылі на 42 квадратных метрах, але заўсёды ў ладзе і згодзе. У суседніх Кублічах, ва Ушачах жывуць і іншыя родзічы пісьменніка, у тым ліку і родная сястра.
– Ён быў спакойны, нешматслоўны, -- гаворыць Антаніна Быкава. – Добры і шчодры. Калі мы куплялі гэту хату, выдзеліў вялікую па тым часе суму – 500 рублёў. Калі сталі жыць больш заможна, я сабрала грошы і спрабавала вярнуць Васілю Уладзіміравічу. Не ўзяў, сказаў, хай гэта будзе мой уклад у ваша шчасце… Прыязджаючы дамоў, заўсёды прывозіў пепсі-колу для Колі – такія дзівосы для вясковай дзятвы!..
– Гэта было шчасце, – смяецца Мікалай Мікалаевіч. – І знаёмства з яго творамі – таксама.
– Так, зачытваўся да світанку, – усміхаецца і маці. – Нават за ўрокі сядзе, бывала, я кантралюю. Дык ён пад падручнік кнігу Васіля схавае, я за дзверы – ён зноў чытаць… Я не раз гасціла ў родных і ў Гродне, і ў Мінску, памятаю, што Васіль пісаў па начах – ці то так прывык, ці то не хацеў замінаць іншым.
У Бычках успамінаюць, як на вяселле пляменніка за нявестай у суседнюю вёску ехалі на “Волзе” (некаторыя ўпершыню бачылі ў глыбінцы такую шыкоўную машыну), а за рулём – сам Васіль Быкаў… Ён любіў пасядзець на світанку с вудай на возеры, і сёння ў музеі ёсць карціна, спісаная якраз з любімага месца заўзятага рыбалова.
– Бываюць у нашым музеі і жыхары іншых краін – іх таксама больш за ўсё цікавіць, якім ён быў чалавекам. Што тут казаць? Быў сапраўдным – простым, вясковым, маўклівым і надзейным, -- распавядае Мікалай Быкаў. – І калі мне нагадваюць аб знешнім падабенстве з дзядзькам Васілём, шчыра ганаруся…
Шчымлівымі, глыбока псіхалагічнымі аповедамі Васіля Быкава пра вайну зачытваецца ўжо не адно пакаленне. Між тым, Васіль Уладзіміравіч мог бы стаць і таленавітым скульптурам ці жывапісцам: пасля заканчэння Кубліцкай сямігодкі вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, якое змушаны быў пакінуць, калі адмянілі стыпендыі. Раз у два гады збіраюцца мастакі з ўсёй рэспублікі на абласны пленэр яго памяці – апошні, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў сёлета ў маі. Напрыканцы чэрвеня ў Музеі народнай славы ва Ушачах адбудзецца выстава створаных работ. Удзельнікі пленэру мяркуюць перадаць па адным творы ўшачанам –у падарунак да 90-годдзя пісьменніка і 70-годдзя вызвалення Беларусі.
Штогод аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці пісьменніка і яго творчасці. Селёта яны адбываюцца па ўсім раёне. А сёння, у дзень нараджэння Васіля Быкава, на Ушаччыне праходзіць літаратурнае свята “Я перад вамі з памяццю сваёй”. Яно сабрала землякоў і прыхільнікаў творчасці пісьменніка з Мінска, Віцебска і розных куткоў Беларусі. Літаратурна-музычная кампазіцыя “Доўгая дарога дамоў” ладзіцца ў Бычках. Конкурс чытальнікаў “Камбат на вайне, генерал у літаратуры” – у скверы па вуліцы Ленінскай у цэнтры гарпасёлка. А крыху пазней у раённым Доме культуры адбудзецца літаратурная вечарына “Праўда гісторыі, часу, жыцця”. 21 чэрвеня Бычкі зноў сустрэнуць гасцей – літаратурную імпрэзу на радзіме пісьменніка арганізоўвае абласны савет Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Насуперак законам прыроды Васіль Быкаў, які пасля цяжкай хваробы памёр у 2003 годзе, працягвае жыць. У сваіх чалавечных да шчымлівасці і слёз творах пра вайну. У памяці шматлікіх прыхільнікаў сапраўднага народнага таленту. У сэрцах родных, сяброў, землякоў, якія ганарацца, што менавіта на ўшацкай зямлі нарадзіўся вялікі пісьменнік.
На здымках: 1) Адноўленая хата, дзе 90 год таму нарадзіўся Васіль Быкаў; 2) Мікалай Быкаў – дазорца музея-сядзібы і родны пляменнік пісьменніка.
Фота Алены Цялятка