Вядомая краязнаўца Людміла Нікіціна прэзентавала свой зборнік фальклора для душы “Забаўлянкі для гулянкі”.
Прэзентацыя, якая праходзіла ў Віцебскай абласной бібліятэцы ў рамках цыкла сустрэч з краязнаўцамі “Нястомных пошукаў дарога”, пачалася, канешне, з жартаў самой юбіляршы. Сапраўды, Людміла нядаўна адзначыла свой чарговы юбілей, і менавіта да яго прымеркавала выданне падарунка – кніжкі з фальклорнымі смяшынкамі.
– Аўтографы не раздаю, бо калі пачну – Пецька дома не дачакаецца, – пажартавала Нікіціна, прыгадаўшы свайго супруга Пятра. – За аўтографамі, калі ласка, па адрасе: аграгарадок Заронава, вуліца Полацкая…
Людмілу Нікіціну ведаюць многія – вось ужо 38 год, як яна з дапамогай аднадумцаў пачала ствараць унікальны Музей Заронаўскага краю, куды сёння едуць людзі з ўсяго свету, такі вось прыцягальны эфект. А яшчэ яна – былая настаўніца (хаця былых настаўнікаў не бывае!) вядзе нястомную пошуковую работу па аднаўленню імён байцоў, што загінулі ў наваколлі Віцебскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Колькі абаронцаў вярнула з забыцця! Але сёння не пра гэта – бо гэта зусім асобная гісторыя...
Новая кніга краязнаўцы Нікіцінай – далека не першы вопыт яе выдавецкай справы. Першая кніжка – “Любоў і боль майго Заронава“ пабачыла свет у 2008-м годзе, потым з’явіліся “Вспомним всех поименно”, “Мой любы край, маё Заронава“, ”Зароново помнит“. Але вось такая вясёлая як “Забаўлянкі для гулянкі“ – гэта новае амплуа заронаўскай спадарыні. Праўда, тыя хто даўно ведаюць Людмілу Канстанцінаўну, скажуць, што амплуа яе ці то вогненых, ці то салёных жартачкаў даўно разляцелася далёка за межы Заронаўскага краю.
– Усё, што вы знойдзеце ў кнізе, прыдумала не я, – прызнаецца Нікіціна. – Я збірала гэтую народную мудрасць на працягу многіх год і ўрэшце атрымаўся такі фальклорны зборнік.
Першую частку складаюць тосты і загадкі. Другую – прыпеўкі, трэцяя – пажаданні ад сяброў, а ў чацвёртай – невялічкія ўспаміны – замалёўкі аўтара пра дзяцінства.
Усё, што робіць Людіміла Нікіціна, з’яўляецца з любові да людзей, да сваёй радзімы. Дарэчы, Заронава стала для яе другой малой радзімай, бо нарадзілася наша жартаўніца ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. А з Заронава ў яе атрымалася любоў з першага погляду.
На вечарыну Нікіцінай прыйшлі яе вучні і сябры. І ўсіх яна шчыра называе – мая радня. Вось такое ў яе вялікае сэрца.
Хто б ведаў, каб Людміла
хоць раз не гумарыла.
Бывала, так прыколе лоўка,
што абрагочацца тусоўка.
Будзь здарова, Людміла Канстанцінаўна!
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА