Варанцэвіцкая школа – унікальная ўстанова не толькі для Талачынскага раёна, але і для ўсёй вобласці. У гэтым навучальным годзе яна ўпершыню працуе як пачатковая. Старэйшыя дзеці цяпер ездзяць на заняткі у базавую школу ў суседняе Жукнева. Але новы статус установы не змяншае яе ролі ў выхаванні мясцовых юнакоў і дзяўчат, заснаваным на народнай культуры. На базе Варанцэвіцкай школы дагэтуль праводзяцца заняткі, дзейнічаюць кружкі па вывучэнні даўніны.
Як успамінае дырэктар установы Ніна Хмелева, у свой час стаўку на беларускія традыцыі зрабілі, каб выжыць. Не навіна, што сельскія школы зачыняюцца адна за адной па прычыне змяншэння колькасці навучэнцаў, і застаюцца толькі наймацнейшыя, адметныя. Вось і ў Варанцэвічах выбралі свой накірунак развіцця. У рамках рэспубліканскага эксперыменту па этнашколе ўкаранілі ў праграму выхаванне на народных традыцыях і музейнай педагогіцы. І не пралічыліся.
Адна з найстарэйшых вясковых школ (заснавана ў 1884 годзе) сёння займае 9 асобных драўляных домікаў. Адзін прызначаны толькі для музея, у астатніх праводзяцца звычайныя заняткі, але таксама ў своеасаблівай атмасферы. Ёсць тут беларуская хатка, музеі хлеба, льну, бортніцтва, ткацтва, шапавалаў і інш. У кожным з іх можна знайсці шмат цікавых рарытэтаў – многія з іх доўга служылі мясцовым вяскоўцам, а затым сталі экспанатамі школы-музея. Адны рэчы гаспадары прыносілі самі, другія былі знойдзены вучнямі і настаўнікамі. У выніку назбіралася такая калекцыя, што можна прасачыць увесь працэс пэўнай сялянскай справы – ад апрацоўкі сыравіны да гатовага вырабу. Напрыклад, усе прылады, з дапамогай якіх нашы продкі рабілі хлеб: саха, якой аралі зямлю, сярпы, што зжалі за свой век безліч снапоў, каменныя жорны, у якіх малолі муку, сіта, начовачкі, дзе замешвалі цеста, дзежку і інш. Дарэчы, некаторыя экспанаты раскажуць і пра традыцыі, якія сёння амаль забытыя.
– Дзежку рабілі з дубу, і па колькасці клёпак яна лічылася жаночай (цотны лік) ці мужчынскай (няцотны). Каб хлеб удаўся, абавязкова ў мужчынскай дзежцы мясілі цеста ў жаночы дзень – у пятніцу, сераду, і наадварот, у мужчынскі дзень задзейнічалі жаночую прыладу, – распавядае дырэктар падчас экскурсіі па школе.
Ёсць у куточку мінушчыны месца і сучасным хлебаробам. Кожны год абнаўляецца стэнд, на якім размешчаны фотаздымкі мясцовых камбайнераў.
– Дзеці павінны іх бачыць і ведаць, – упэўнена Ніна Рыгораўна.
Адрозненне школьных музеяў ад звычайных у тым, што тут да ўсяго можна дакрануцца: пакруціць жорны, сесці за ткацкі станок… Альбо пазаймацца ў класе, які, нібы машына часу, вяртае ў школьныя буднія мінулых стагоддзяў назад. Тут усталяваны доўгія драўляныя лавы, сталы – менавіта за такімі некалі сядзелі нашы продкі. Дарэчы, інтэр’ер рэканструявалі па ўспамінах былых вучняў. Адзін з іх пісаў: “Заходзячы ў клас, можна ўбачыць злева шайку з вадой, а ўздоўж сцен стаялі лавы”. Канешне, мэбля з тых часоў не захавалася, але зробленыя копіі ўсё роўна надаюць каларыт.
Акрамя таго настаўнікі разам з супрацоўнікамі мясцовага сельскага Дома культуры ладзяць тэатралізаваныя дзеі па народных святах і абрадах, да якіх далучаюцца і дзеці, і дарослыя. Урачыста адзначаюць тут Дзяды, Каляды, Купалле, Масленіцу…
– Нашыя прашчуры былі мудрымі і стараліся захаваць народную творчасць, передавалі яе з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне, – падкрэслівае Ніна Хмелева. – Бывала, зімовым калядным вечарам бабуля заспявае песню – заслухаешся. Яны ведалі што і як трэба рабіць на Каляды, праз колькі дзён будзе Масленіца, якіх пастоў прытрымлівацца і шмат іншага. Я гэта памятаю ад сваіх дзвюх бабуль. Зараз дзеці, на жаль, гэтага ў большасці пазбаўленыя. А ведаць сваю гісторыю і традыцыі важна. Моладзь павінна пераніміаць іх хаця б ад нас, старэйшага пакалення.
Хочацца верыць, што гэты астравок беларускасці захаваецца, і шлях да яго не згубіцца ў віры сучаснага жыцця.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.