Акрамя таго прысутныя напісалі агульную дыктоўку па творы Генадзя Бураўкіна «Неацэнны скарб», пазнаёміліся з праектам «Энергія роднай мовы ў плакаце» кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.




Як адзначыла загадчыца аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі імя Ул. Леніна Ларыса Рагачова, варта праводзіць такія мерапрыемствы, бо яны накіраваны на шанаванне роднай мовы.
— Прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, мы не толькі аддаем даніну павагі нашай спадчыне, але і спрыяем яе захаванню і развіццю. Гэта цудоўная магчымасць паглыбіцца ў багацце беларускай мовы, адкрыць для сябе новыя межы яе прыгажосці і выказаць сваю любоў да роднага слова, – падкрэсліла Ларыса Рагачова.


Вучні гімназіі № 7 Віцебска імя П. Кандраценкі разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Галінай Мароз пранікнёна чыталі вершы Анатоля Канапелькі. Дамір Ціхаміраў адзначыў:
— Мне вельмі падабаецца размаўляць на беларускай мове, чытаць творы нашых знакамітых пісьменнікаў, таму з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве. Дзякую свайму настаўніку па беларускай мове за тое, што яна прывівае на сваіх уроках любоў да роднага слова, дапамагае адкрываць для сябе прыгажосць і глыбіню беларускай літаратуры. Гэта сапраўды натхняе і набліжае нас да сваіх каранёў, – падзяліўся думкамі Дамір Ціхаміраў.

Студэнты Міжнароднага ўніверсітэта МІПСА прачыталі паэтычныя творы на беларускай мове, прысвечаныя светламу пачуццю – каханню.
— Чытала верш Янкі Сіпакова «Каханне». Спынілася на гэтым творы, бо ён крануў мяне да глыбіні душы. На жаль, я не вельмі часта размаўляю па-беларуску, аднак з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у літаратурных імпрэзах. Прыемна чуць родную мову па-за межамі краіны. Гэта яшчэ раз падкрэслівае багацце нашай культуры, дапамагае зразумець, наколькі важна захоўваць яе для будучых пакаленняў, – сказала Дыяна Шамкова.

Кульмінацыяй літаратурнай сустрэчы стала выступленне студэнта з Блізкага Ўсхода, які прачытаў верш Максіма Багдановіча «Раманс» на арабскай мове.





Алена БАЛАКАНАВА,
фота аўтара.






