Маці трох дарослых дачок, былая сельская настаўніца Святлана Мікульская з аграгарадка Новая Зара Чашніцкага раёна дзеліцца думкамі аб місіі мацярынства.
– З моманту, як я пачала ўсведамляць сябе, я заўжды адчувала пастаянную непахісную любоў маёй мамачкі Рэгіны Іванаўны Суханавай, як і кожны з шасці яе дзяцей, – сцвярджае Святлана Мікульская. – Яна заслужана была ўзнагароджана медалём Мацярынства. Любоў мама выказвала не словамі, а вечным клопатам.
Бацькі, акрамя таго, што працавалі ў калгасе, трымалі вялікую гаспадарку – каб дзецям было што смачна паесці, сэканоміць на ўборы. Выхоўвалі праз свае паводзіны і ўчынкі, далучалі да працы. Калі тата больш завіхаўся на зямлі і ля хлявоў, мама стварала ўтульнасць у хаце. Пах вячэры, сабранай яе рукамі, дружныя размовы за сталом Святлана дагэтуль успрымае як прыкмету дабрабыту і спакою ў сям’і.
– Такую мадэль паводзін я перанесла і ў сваю сям’ю, – зазначае субяседніца. – Клапаціцца пра мужа, дачок, а цяпер пра зяцёў і ўнукаў так прыемна! Таму ўсім ім хочацца дадому, да бацькоў, у нашу сціплую, але гасцінную хату.
Пасля смерці сваёй мамы, якая і заклала ў свядомасць дзяцей галоўныя каштоўнасці, Святлана Мікульская стала старэйшай маці ў сям’і. У яе пытаюцца парады, давяраюць тайны, штодня тэлефануюць, каб даведацца, як прайшоў дзень, расказаць свае навіны.
– Але найлепшы час – калі мы збіраемся за адным сталом, бачымся, можам прытуліцца адзін да аднаго, жартуем, успамінаем, – усміхаецца Святлана Мікульская.
І шчыра, як чалавек, якому няма чаго хаваць, расказвае. Яшчэ вучаніцай выпускнога класа Кашчынскай школы закахалася ў настаўніка працоўнага навучання. Дзеля яго стала ледзь не лепшай у вобласці дзяўчынай-трактарысткай. Неўзабаве Аляксандр і Святлана ажаніліся. Праз час ён проста пешшу завёў яе ў Красналукі раджаць першае дзіцяці. Дачушку Таню. Потым пайшлі «за хлопчыкам», а прынеслі дадому Марыну. Гадавалі дачок, жонка вучылася ў інстытуце, абодва працавалі ў школе, дзе з цягам часу Святлана з піянерважатай вырасла ў настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, а пазней – дырэктара. Муж быў у падпарадкаванні, але яна ніколі не камандавала ім дома, хавалася за яго надзейнае плячо.
Калі старэйшыя дзяўчынкі былі ўжо ладныя, у сям’і Мікульскіх нарадзілася Каця – проста лялька для старэйшых сясцёр. Маміны памочніцы песцілі малую, як потым сваіх дзяцей. Цікава, што і ў Мікульскіх-старэйшых былі сёстры-двайняты, і ў іх дачкі Марыны дзяўчаты-двайняты.
– Не менш радасным, чым нараджэнне ў мяне дачок, стала з’яўленне ў нашым «бабіным царстве» ўнука, – успамінае Святлана Мікульская. – Гэты гарэза ў дзяцінстве быў маім персанальным дырэктарам.
…Аднаго разу бабуля Света ледзь не страціла прытомнасць, убачыўшы ў хлеўчыку «акрываўленае» парася. Але яно, хоць і было поўнасцю чырвонае, жвава бегала і рохкала, патрабуючы мешанкі. Аказалася, унучак вырашыў памыць парсючка шампунем, што знайшоў у лазні. А шампунь аказаўся вішнёвай фарбай для валасоў. Ну і рагаталі!
Пачуццё гумару ў характары Святланы Мікульскай сплятаецца з асаблівай чуласцю, нават лірычнасцю. Яна піша вершы і прысвячае іх сваім родным. На 45-годдзе сумеснага жыцця Аляксандр падарыў ёй сшытак яе ж вершаў, перадрукаваных з асобных лісткоў. Гэта ж нематэрыяльная каштоўнасць! Як і сямейны летапіс, які вядзе старэйшая маці для сваіх нашчадкаў. Трэба ж выканаць сваю жыццёвую місію: перадаць самае важнае, непадробнае, што ашчасліўлівае чалавека. Валодаючы такімі ведамі, ужо каторае пакаленне з роду Мікульскіх стварае моцныя, дружныя сем’і.
– Шчаслівыя тыя мамы, чые дзеці жывуць па-людску і да самага скону аддаюць ім тую ласку, якую назапасілі ад мамінай любові, – заключае Святлана Мікульская. – А мама, колькі жывая, перажывае за сваіх дзяцей, просіць ім лепшай долі. Такі ўжо мацярынскі лёс.
Фота аўтара.