На мінулым тыдні калектыў Браслаўскага ДЭУ-34 працаваў у аўральным рэжыме – разам з іншымі арганізацыямі ліквідаваў вынікі ўрагану. Асабліва пацярпела відзаўская зона. Трэба было тэрмінова расчысціць дарогі і навесці парадак на пляцоўках для адпачынку.
Браслаўскія дарожнікі сваю прафесію любяць.Пра гэта можна меркаваць па стабільнасці калектыву, стане дарог, на якіх адказваюць за камфортнасць і бяспеку руху. Гэта 228 кіламетраў, якія з цэнтра краіны скіраваны ў бок Балтыі. Блізкасць да дзяржаўнай мяжы накладвае адбітак на работу службы – круглы год шаша павінна ўтрымлівацца ў добрым стане. Таму рабочы дзень пачынаецца ў дарожнікаў ні свет ні зара. Лета – час інтэнсіўных рамонтаў, разметак, замены знакаў, добраўпарадкавання месцаў прыпынку для грамадскага транспарту і адпачынку.
З усім гэтым спектрам задач работнікі ДЭУ-34 спраўляюцца штогод паспяхова, па аб’ёмах асвоеных сродкаў і заробленых на аказанні паслуг іншым арганізацыям і насельніцтву грошай уваходзяць у пяцёрку лепшых дарожных упраўленняў аб’яднання «Віцебскаблаўтадар». Сёлетні год, мяркуюць у калектыве, таксама не будзе выключэннем. З апераджэннем графіка выконваюцца ўсе запланаваныя работы.
На адным з участкаў на дарозе Полацк – Міёры – Браслаў сустрэлі брыгаду і яе галоўнага інжынера Анатоля Літвінку.
– За пяць месяцаў на рамонтах і ўтрыманні дарог асвоілі 1 млн 430 тыс. руб. Наперадзе яшчэ замена бар’ернага агароджвання на пуцеправодзе ў Міёрах, рамонт мастоў.
Дарэчы, рамонтам апошніх ДЭУ-34 займаецца адносна нядаўна. Для гэтага арганізацыя падрыхтавала спецыялістаў, набыла спецыяльную тэхніку і атрымала ліцэнзію. На новы від дзейнасці прыпадае цяпер да 15% ад агульнага аб’ёму выкананых работ, а гэта істотная прыбаўка ў нарошчванні вытворчых паказчыкаў. У ліпені, напрыклад, браслаўскія дарожнікі пачнуць рамонт маста на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна, на чарзе два масты ў Браслаўскім. Адным словам, работы хопіць да позняй восені.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.