Па выніках 2019 года ў Лёзне ўручана раённая прэмія “Сунічка”.
Гэта была пятая па ліку ўрачыстая цырымонія з часу зацвярджэння прэміі. На яе прэтэндавалі каля 40 чалавек, удастоены 10. Апрача жыхаркі Масквы Марыны Фраловай, якой за дабрачыннасць “Сунічка” прысуджана ў спецыяльнай намінацыі, усе лаўрэаты – мясцовыя жыхары. Сярод іх, напрыклад, начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях райвыканкама Віталій Чайкін, уганараваны за распрацоўку двух інвестпраектаў агульным коштам 80 тыс. еўра. А ў намінацыі “Прарыў года” адзначана сям’я Ільюшкіных з райцэнтра: аўтарытэтны пошукавец і краязнаўца Андрэй, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, аўтар маляванак Жанна і іх сын Аляксей – вучань лёзненскай СШ №1, прызёр абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Усім уручаны “фірменныя” дыпломы, сувенірныя выявы “Сунічкі” і па пяць базавых велічынь.
Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяны Шульган, у конкурсе на прэмію год ад года ўдзельнічае ўсё больш прадстаўнікоў калектываў, грамадскіх актывістаў і старшакласнікаў Лёзненшчыны.
Фота lioznonews.by.