Месцазнаходжанне сялянска-фермерскай гаспадаркі «Атопкін» падказалі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Шаркаўшчынскага райвыканкама: «Шукайце ў вёсцы Сасноўцы — гэта на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства «Даватарскі». Дарэчы, гаварылі спецыялісты, нядаўна фермер кіраваў гэтай гаспадаркай.
Фермерская гаспадарка сапраўды маладая. Можна сказаць, толькі становіцца на ногі. Гэтай восенню споўніцца два гады, як зарэгістравалася. Але тое, што яе стварыў былы кіраўнік прадпрыемства, аднесла да плюсаў – ёсць жыццёвы вопыт і ўменне арганізаваць працу, такому чалавеку лягчэй распачынаць уласную справу. І якім жа было здзіўленне, калі ля пабудоў жывёлагадоўчага комплексу, адно з памяшканняў якога арандуе фермер, сустрэла маладога чалавека.
– Напэўна, я той фермер, якога шукаеце, – прывітаўшыся, прадставіўся Мікалай Атопкін. – Тут мая вытворчая база – аўчарня і машынны двор. Пакуль маю два трактары і прычапны інвентар да іх. Каб развівацца, трэба дакупіць яшчэ шмат чаго.
Але перш чым пачаць размову пра вытворчыя клопаты, было не менш цікава даведацца пра памкненні маладога фермера, пра тое, што падштурхнула ўзяцца за ўласную справу на зямлі.
У паўсядзённых клопатах мацнее ў фермера жаданне развіваць сваю гаспадарку, адчуваць, што і ён адзін з тых, хто ўносіць свой уклад у рэалізацыю харчовай праграмы краіны.
– Мае бацькі ўсё жыццё працуюць у сельскай гаспадарцы. Мяняліся назвы, але не мянялася сутнасць працы, – сказаў Мікалай. – Я таксама па накіраванні «Даватарскага» атрымаў прафесію інжынера-механіка, тры гады адпрацаваў ім, а потым назначылі дырэктарам. Быў самым маладым і, калі шчыра, самым нявопытным кіраўніком вялікага прадпрыемства. Хацелася хуткага выніку – не атрымалася. Тады і вырашыў: буду адказваць не за вялікі калектыў, а за сябе, гаспадарыць, зыходзячы з уласных магчымасцяў. Жонка, мае і яе бацькі падтрымалі. Так і стаў фермерам.
«Хочаш быць самастойным гаспадаром, калі ласка», – сказалі ў райвыканкаме і выдзелілі 64 гектары зямлі. На 41 га Мікалай з дапамогай цесця Юрыя Жынгеля і стрыечнага брата Дзмітрыя мінулагодняй восенню пасеяў азімую пшаніцу. З «пустой» зямлі, як адзначыў фермер, сабраў сёлета з гектара па 30 цэнтнераў збожжа. 104 тоны адразу прадаў, на выручаныя грошы купіў паліва, запасныя часткі, новыя сарты азімай пшаніцы і зноў засеяў 41 гектар глебы.
– Буду прасіць аб выдзяленні яшчэ гектараў пад сто пусткі. Трэба ўводзіць севазварот, пашыраць плошчу пад выпасам і сенакосам, – расказаў пра свае бліжэйшыя планы фермер. – І статак авечак трэба павялічваць. Жывёла не такая патрабавальныя ў доглядзе, хутка набірае вагу, а мяса карыстаецца попытам.
Цяпер у Мікалая 40 аўцаматак і 10 бараноў на адкорме. Нядаўна 20 прадаў, у сярэднім за кілаграм пакупнікі даюць па 12 рублёў.
– Ці хапае выручкі, каб забяспечваць сям’ю з чатырох чалавек? – спытала ў гаспадара.
– Летась было цяжка, а сёлета хапае, – адказаў ён. – Заканчваю год з прыбыткам. Трэба купіць яшчэ трактар, касу, граблі, прэс-падборшчык.
Турбот у Мікалая хапае. Але ў паўсядзённых клопатах мацнее ў фермера і жаданне развіваць сваю гаспадарку, адчуваць, што і ён адзін з тых, хто ўносіць свой уклад у рэалізацыю харчовай праграмы краіны.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.