Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Ад душы да верша: як «Млын» стварае новую духоўную ежу для землякоў

Чаму і навошта людзі пішуць вершы? Удзельнікі народнай студыі літаратурнай творчасці «Млын», якая працуе ў Новалукомльскім Палацы культуры на Чашніччыне, адказваюць, што рыфмаваныя радкі часцей за ўсё нараджаюцца ў іх ад руху душы. Узнікае непераадольная патрэба апаэтызаваць краявіды родных мясцін, пачуцці, думкі, гістарычныя падзеі – і толькі вершы здольныя дапамагчы здзейсніць гэтае жаданне.

Паэты-аматары не прэтэндуюць на высокамастацкасць і прафесіяналізм сваіх твораў – ніхто ж з іх не атрымліваў спецыяльнай адукацыі. Але іх недасканалыя вершы падкупляюць шчырасцю, свежасцю пазнавальных вобразаў. Таму яны, безумоўна, маюць права на жыццё і выхад на аўдыторыю.

– Наша суполка існуе шаснаццаты год, – распавядае кіраўнік калектыву, дырэктар Новалукомльскага Палаца культуры Наталля Васілевіч. – У жніўні 2015-га «Млын» стаў народным самадзейным аматарскім калектывам, высока нясе гэта званне. Зараз студыя аб’ядноўвае каля 20 чалавек – гэта людзі розных узростаў і прафесій. Пішуць на рускай і беларускай мовах. Кожны з іх таленавіты. У кожнага ёсць свае моцныя бакі.

Так, Алене Губаравай асабліва ўдаюцца байкі на беларускай мове, Дзіне Марка – духоўная лірыка, Ніне Скачко і Надзеі Агарак – філасофская, Алесі Кароткай – любоўная. Плённа працуе Ала Кляшчонак, якая піша на абедзвюх мовах. Аўтарам шасці кніг з’яўляецца Ганна Шнітко. Віктар Жураўлёў і Васіль Хацкевіч – барды, Аляксандр Кацура з дапамогай штучнага інтэлекту пераўтварае свае вершы ў песні. У самой Наталлі Васілевіч – тры кнігі паэзіі і раман-дылогія.

Студыйцы працуюць плённа: усяго выдалі пяць зборнікаў вершаў, 27 кніг асобных аўтараў. Зараз рыхтуюць да выхаду ў свет чарговы зборнік, куды ўвойдуць і творы паэтаў, якія далучыліся да студыі нядаўна.

Аднадумцы ладзяць прэзентацыі сваіх выданняў, літаратурныя вечары ў Палацы культуры, гарадской бібліятэцы, аздараўленчым комплексе «Сасновы бор» Лукомльскай ГРЭС. Яны заўсёднікі абласнога свята-конкурсу самадзейных паэтаў і кампазітараў «Песні сунічных бароў» на Лёзненшчыне, гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Свае творы «млынаўцы» друкавалі на літаратурнай старонцы «Сузор’е» ў раённай газеце «Чырвоны прамень».

– Я напісала першы верш, калі была падлеткам, – успамінае Наталля Васілевіч. – Таму добра разумею хваляванне маладых аўтараў, падтрымліваю іх, займаючыся з імі ў рамках «Школы паэзіі», што працуе пры студыі. Творцы – людзі з тонкай душэўнай арганізацыяй, якіх лёгка пакрыўдзіць. Недапушчальна, каб іх крылы зламаліся раней, чым адужэлі.

Жыхарам Новалукомля пашанцавала, што ў горадзе ёсць літаратурная студыя, дзе не баяцца быць узнёслымі. Паэтамі, няхай сабе і самадзейнымі, якія жывуць побач, варта ганарыцца. Хаця б таму, што яны маюць смеласць гаварыць уголас пра вельмі асабістае, часам патаемнае. Аказваецца, тое ж самае радуе і засмучае, адгукаецца і дорыць надзею многім людзям. «Млын» дае землякам новую духоўную ежу, а значыць, яны не счарсцвеюць.

Фота дадзена Наталляй ВАСІЛЕВІЧ 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ