Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Карціны пенсіянера з Браслава ўнесены ў выданні пра інсітнае мастацтва

Нядаўна браслаўчанін Часлаў Жусель закончыў сваю чарговую карціну – па блакіце вадаёма плыве лодка, якую гоніць вецер, надзьмуваючы белы самаробны  ветразь. Твары хлопчыкаў, што сядзяць у ёй, свецяцца радасцю.

– Так выглядае мая даўняя мара, – патлумачыў мастак. – Здаецца, час забыць яе, дык не. Нечакана штосьці скалыхне душу. Хацеў стаць мараком. Падаваў дакументы ў Калінінградскае вучылішча, але не прайшоў медкамісію. Маё месца на сушы, дзе дажыў да сталых гадоў. Зорак з неба не ўхапіў, сціпла жыў і працаваў.

Але гэта не зусім так.

Часлаў Іосіфавіч сярод знаўцаў жывапісу і аматараў інсітнага жанру – чалавек вядомы. На паліцы ў доме стос багата ілюстраваных выданняў, дзе змешчаны яго карціны.

Прозвішча мастака ўнесена ў спецыяльныя каталогі, даведнікі. Чатыры разы яго работы выстаўляліся на Маскоўскім міжнародным фестывалі наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдараў, былі на выставе ў рамках “Славянскага базару” і адзначаны дыпломам у намінацыі “Сямейныя рытуалы, святы і паўсядзённасць”. Іх разглядвалі ў Браславе на касцёльным двары тысячы пілігрымаў, якія прыходзяць сюды на свята Маці Божай Браслаўскай, наведвальнікі выстаў, якія штогод ладзяцца ў мясцовым музеі традыцыйнай культуры.

Гледачоў зачароўваюць простыя сялянскія сюжэты, партрэты, цеплыня, з якой мастак успрымае жыццё і кладзе на палатно.

А яшчэ па іх можна вывучаць побыт нашых продкаў, іх лад жыцця – сапраўдныя, не прыхарошаныя, такія, як запомніліся ў дзяцінстве, маладосці і цяпер усплываюць у памяці і становяцца сюжэтамі шматлікіх карцін.

У 8 ці 9 гадоў ён цішком ад бацькоў пайшоў за 7 кіламетраў у Опсу, вялікае па тым часе мястэчка, каб купіць фарбы. Аловак ужо асвоіў, самастойна навучыўся перадаваць на паперы аб’ём прадметам, захацелася паспрабаваць фарбы.

Чаму не сталі вучыцца на прафесіянальнага мастака? — запыталася ў Часлава Іосіфавіча.

Для хлопца з маленькай вёскі гэта было чымсьці завоблачным. Маляваў для сябе, бывала, на гады закідваў пэндзлі далей ад вачэй, бо былі іншыя турботы, –прызнаўся ён.

Але аднойчы ўжо сталым мужчынам зайшоў у кнігарню, дзе на вочы трапіла кніга “Другое прызванне”, у якой прачытаў пра Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў, правілы паступлення і навучання. Рызыкнуў, паслаў некалькі работ. Што паступіць, не спадзяваўся, аднак неўзабаве атрымаў пісьмо з добрымі водгукамі і запрашэннем на вучобу.

Пяць гадоў займаўся на адзяленні станкавага жывапісу. Атрымліваў ад педагогаў заданне, выконваў, адсылаў у Маскву.

Водгукі меў розныя, лепшыя Часлаў Жусель захоўвае. У адным з іх яго куратар Круноў пісаў: “Вы вельмі парадавалі мяне. З тысячы работ сваіх вучняў я адразу пазнаю вашы. Працягвайце працаваць”. І ён працаваў, атрымаў пасведчанні пра  заканчэнне ўніверсітэта і права выкладаць маляванне ў школе. Толькі гэтай магчымасці не скарыстаў, да пенсіі быў слесарам.

Захапленню Часлаў Іосіфавіч аддаўся, калі выйшаў на адпачынак. Яно вярнулася ў яго жыццё вострай патрэбай.

Змайстраваў мальберт, не стаў губляць час нават на апрацоўку драўляных дэталяў. Працуе за ім па 5 гадзін у дзень. Як толькі сонца паварочвае ў акно яго пакоя, бярэ ў рукі пэндзаль. Практычна да абеда піша тое, што намалявала вечарам ці ў начы памяць – вось едзе на вазку з бацькам пад навісшай над дарогай галінай з налітымі яблыкамі і зрывае плод, вось сусед-брыгадзір ідзе з “казой” абмяраць поле, узаранае трактарыстам, маці працэжвае з даёнкі парное малако, каваль сеў адпачыць пасля цяжкай працы, а вось яны, дзеці, на Вялікдзень пускаюць па зробленым бацькам жалабку яйкі – чыё пакоціцца далей, той і выйграў.

Фота Тамары Пашкевіч.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ