Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Казачныя персанажы, выразаныя з дрэва майстрам Міхаілам Еўдакімавым, упрыгожваюць тэрыторыю Асвейскай райбальніцы

Бальніца не тое месца, дзе віруе радасць. Часцей людзі ідуць у медустанову з трывогай у душы, дзеці -- з бояззю. Пераадолець іх у Асвейскай раённай бальніцы на Верхнядзвіншчыне дапамагаюць сталым і юным пацыентам не толькі медыкі, а, як высветлілася, і рабочы, таленавіты рэзчык па дрэве Міхаіл Еўдакімаў.

-- Занядужыла, -- расказвала адна знаёмая. — Іду ў бальніцу, а ў галаве адна думка -- каранавірус, ці спраўлюся? На душы самотна. Звярнула з вуліцы да будынка, узняла вочы і аслупянела: перада мной стаяў цмок, перабіраў лапамі, шавяліў хвастом, паводле казак павінен быў яшчэ плюнуць агнём. Але тры яго галавы ўсміхаліся. Маўляў, не трывожся, спакой на гэтай тэрыторыі аберагаю надзейна.

Я надоўга забылася пра хваробу. Седзячы ў прыёмным пакоі, у думках дзівілася рабоце майстра, які прыдумаў такую забаву.

Цмок гэтым летам сапраўды стаў асвейскай знакамітасцю. І мясцовыя, і прыезджыя фатаграфаваліся ля яго, распытвалі пра майстра. Загадчыца па гаспадарчай частцы медустановы Валянціна Грэк расказала, што ля дарогі да бальніцы высахла яблыня. Яе хацелі спілаваць пад корань. Але Міхаіл Еўдакімаў, якому даручана было гэта зрабіць, вырашыў па-свойму. Зрабіў цмока, у якога рухаюцца галовы, лапы, хвост.

Дарэчы, казачнымі персанажамі работы Міхаіла Міхайлавіча напоўненыя двор і ўнутраныя памяшканні. Баравік, мужык у капелюшы, вожык і зялёны кракадзіл, жолуд, унутры якога сядзіць вавёрка, жабка, што прысела на камені, шэрая чапля, конік з павозкай... У самім будынку ў інтэр’ер упісаўся пеўнік .

Фігуркі, выразаныя майстрам, падабаюцца многім, асабліва дзятве. Каля іх фатаграфуюцца, выкладваюць у сеціве, купляюць.

З дапамогай Міхаіла Еўдакімава калектыў бальніцы выходзіў у пераможцы раённага конкурсу па добраўпарадкаванні тэрыторыі, атрымаў у падарунак бензапілу.

Разьба па дрэве – хобі майстра. Ім займаецца ў вольны час, якога, кажа, мае небагата. У бальніцы зараз ідзе рамонт, які робяць уласнымі сіламі, дома – свая гаспадарка. Сям’я купіла дом, уладкаванне якога толькі скончыла. Наперадзе добраўпарадкаванне ўчастка. У галаве гаспадара шмат задум, як зрабіць яго зручным для карыстання і разам з тым утульным.

-- Прыглядаю пад будучыя фігуркі карчы, пакідаю цуркі бярвенняў. Ужо склаліся патрэбныя вобразы, засталося матэрыялізаваць іх, -- падзяліўся Міхаіл Еўдакімаў.

Працэс матэрыялізацыі і просты, і складаны. Спачатку ў ход ідзе бензапіла, потым стамескі. Глядзіш -- і лесавічок сядзіць на пяньку.

-- Рабоце з дрэвам нідзе спецыяльна не вучыўся, -- патлумачыў Міхаіл. – Гэту здольнасць пераняў ад дзядулі і бацькі. Дзядуля, напрыклад, вядомы ў акрузе цясляр, дом пабудаваў сваімі рукамі і ўнутры многае зрабіў сам. Я таксама першае што зрабіў – выразаў лыжку для жонкі мяшаць варэнне. І пайшло.

Праўда, ці будзе разьбярства сямейным хобі, Міхаіл пакуль не ведае. У яго тры дачкі, якія маюць свае таленты. Усе добра спяваюць, выступаюць на сцэне. Магчыма, захапленне дзядулі падхопіць унук.

-- Душа просіць творчасці, -- прызнаўся майстар. — часам іду па дарозе і бачу, што ў гэтым месцы добра было б пасадзіць саву, а тут прыжыўся б грыб. І матэрыяла, які трухнее ў лесе, шмат. Толькі ўзяць яго нельга, хоць дрэва магло атрымаць другое жыццё, паслужыць на радасць людзям.

У бальніцы ж радуюцца, што маюць работніка, які па гаспадарцы ўмее зрабіць усё, а яшчэ і ўпрыгожыць жыццё цудоўнымі вырабамі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ