У Віцебскай друкарні ўбачыла свет чацвёртая кніга полацкай паэткі і перакладчыцы, лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Галіны Загурскай— «Бераг зарападаў».
Аўтар дзеліцца думкамі, разважаннямі, перажываннямі пра лёс бацькаўшчыны. На старонках утульна размясціліся замалёўкі ўспамінаў, запрашаючы чытача дакрануцца да нечага дарагога, асаблівага, атуленага прыгажосцю.
Малюнкамі прыроды напоўнены раздзел «На беразе родным», якім пачынаецца кніга. Наступны – «Маладыя летуценні» – лёгкі, зорны, рамантычны. Тут дзівосная ноч варожыць таямнічы лёс, срэбны дождж складае непаўторныя мелодыі, і так хораша «піць хмельны напой з каўша Мядзведзіцы» разам з кімсьці невымоўна блізкім… «Колеры жыцця» ўвабралі ў сябе адценні радасці і смутку, замілавання і занепакоенасці, непасрэднасці і філасафічнасці. Сённяшнія дні, на думку Галіны Загурскай, – гэта «Час збірацьк аменне…» (назва апошняга раздзела), аднаўляючы культуру, узгадваючы «блаславёныя імёны» і «сівыя старонкі гісторыі». У прыгожых і кранальных вершаў розныя формы – санет і верлібр, трыялет і рандэль, квантэма і класічны.
«…Прыходзіць час збірацькаменне, кое кожны з нас кідаў»,
– нібы запаветам заканчваецца зборнік «Бераг зарападаў», пакідаючы ў душы чытача адбітак таямнічага начнога неба. Словамі чыстай, мілагучнай беларускай мовы Галіна Загурская кажа прасамае шчырае, блізкае, значнае.
Ірына Радзіхоўская, фота з адкрытых крыніц.