Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Майстрыца Любоў Новікава з Верхнядзвінскага раёна: “Знайду ў інтэрнэце новыя тэхнікі і стараюся іх асвоіць”

Настаўнікі пачатковых класаў — людзі творчыя. Як навучыш дзятву спяваць, маляваць, майстраваць, калі сам не будзеш мець патрэбных навыкаў? Выбіраючы прафесію, Люба Новікава не ў поўнай меры ўсведамляла гэты факт. Толькі стаўшы студэнткай педагагічнага вучылішча, зразумела — трэба развіваць закладзеныя прыродай здольнасці, стаць майстрам на ўсе рукі, з якім дзецям будзе цікава на кожным уроку.

Пазней яна скончыць педагагічны інстытут імя М. Горкага, пачне выкладаць рускую мову і літаратуру ў школах Магілёўшчыны, але творчых заняткаў не пакіне, будзе асвойваць усё новыя і новыя народныя рамёствы і тэхналогіі.

На Верхнядзвіншчыне ў вёску Баліны Новікавы перабраліся пасля чарнобыльскай аварыі. Сум па малой радзіме, па сябрах, узгадвала падчас размовы Любоў Іванаўна, не адпускаў доўга. Ад гэтай тугі ратавалася ў працы. Днём у мясцовай школе, па вечарах, выхадных – за рабочым сталом са швейнай машынкай, фарбамі, клеем, разнастайным матэрыялам. І сёння жанчына валодае практычна 20 тэхнікамі розных рамёстваў.

У народзе кажуць – няма мяжы дасканаласці. З гадамі расце майстэрства і Любові Іванаўны. Яе работы ўпрыгожваюць выставы мясцовых майстрыц, «выязджаюць» у вобласць, уражваюць разнастайнасцю і бездакорнасцю. Віцебск бачыў яе велікодныя яйкі, габелены і пано.

– Рукадзеллем займаюся з дзяцінства, – расказвае Любоў Іванаўна. – На малой радзіме было вельмі папулярнае вышыванне. У кожнай хаце ручнікі на абразах і на рамках з фотаздымкамі; на сталах – вышываныя абрусы, падзоры для ложка, навалочкі на падушках. Так і навучылася вышываць гладдзю, крыжыкам, вязаць на спіцах. За гады паспрабавала амаль што ўсё: вышывала бісерам і стужкамі, пляла з саломкі, рабіла фіранкі на дзверы і аркі ў тэхніцы макрамэ…

Зараз на пенсіі жанчына асвойвае новыя віды рукадзелля, у прыватнасці ткацтва бісерам арыгінальных і стыльных упрыгажэнняў. Для такой работы муж прыдумаў станочак, які значна пашырыў магчымасці для рэалізацыі задум майстрыцы. Дарэчы, на выставах-продажах яны першымі раскупляюцца модніцамі. А вось аплятанне бісерам велікодных яек майстры з Дома рамёстваў параўноўваюць са знакамітымі яйкамі Фабержэ, настолькі прыгожа робіць гэта іх калега. А не так даўно Любоў Іванаўна захапілася лапікавым шыццём і японскай тэхнікай кінусайга, так званым пэчворкам без іголкі.

– Вольнага часу зараз хапае, баўлю яго за творчасцю, – тлумачыць субяседніца. – Прастор для яе даюць навакольны свет і інтэрнэт. З дапамогай планшэта, падоранага некалькі гадоў назад дзецьмі, столькі знайшла цікавага! Цяпер, напрыклад, займаюся фааміранам. Калі стамлюся, сама сабе сыграю на гармоні, спяю песню – і зноў за работу.Сёння адпачывала на лугах ля Дзвіны, збірала чабор. А вечар зноў правяду за рабочым сталом.

У творчасці яна мае падтрымку сям’і. Залатыя рукі ў мужа і трох сыноў. Два звязалі лёс са службай у арміі, малодшы ўзначальвае музычную школу, вядзе заняткі ў студыях, кіруе вядомым у раёне калектывам «Дзвінскія напевы», іграе і спявае ў гурце «Ярыца».

Сама Любоў Новікава ахвотна супрацоўнічае з раённым Домам рамёстваў, з’яўляецца ўдзельнікам народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў. Фотаздымкі сваіх работ размяшчае на старонцы ў «Аднакласніках». Колькасць іх там пастаянна павялічваецца.

– Знайду ў інтэрнэце новыя тэхнікі і стараюся іх асвоіць, – дзеліцца майстрыца. – І пошук не спыняю.

Значыць, неўзабаве аматары народных і сучасных рамёстваў пабачаць новыя арыгінальныя вырабы Любові Новікавай.

Фота з адкрытых крыніц.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ