30 гадоў спаўняецца сёлета Цэнтру рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка, дзе ўсе жадаючыя могуць займацца рознымі відамі творчасці ў аматарскіх аб’яднаннях.
Ва ўстанове дзейнічаюць народныя калектывы архаічных спеваў «Княжыч», студыя візуальнай творчасці «Нэкст», клуб майстроў і самадзейных мастакоў «Прамень», а таксама клубы гістарычнай рэканструкцыі «Чорны война» і імя Вацлава Ластоўскага і іншыя, удакладніла мастацкі кіраўнік цэнтра Юлія Ярахновіч. Найбольш вядомы ў вобласці і за яе межамі Народны тэатр лялек «КапялюШ» як адзін з нямногіх калектываў, які адраджае найстаражытны жанр беларускага мастацтва – батлейку. Тэатру летась споўнілася 25 год.
Яго стваральнік і кіраўнік Андрэй Рэцікаў па-сапраўднаму творчы чалавек, захоплены беларускай культурай. Ён працуе як сцэнарыст, пастаноўшчык, акцёр, гукарэжысёр, майстар па святле, самастойна вырабляе лялек, батлеечныя шафы, скрыні і дэкарацыі, прыдумвае персанажаў, сюжэты або бярэ іх з твораў беларускіх драматургаў, адаптуе пад сучаснасць, дадае жарты. Селянін, Цар, Цыган, Сабака, Мядзведзь – у арсенале тэатра, які займае амаль цэлы паверх будынка цэнтра, лялькі розных памераў, зробленыя з самых розных матэрыялаў: шпянёвыя, штокавыя марыянеткі, пальчаткавыя, трасцявыя, роставыя, з тэкстылю, футра, гліны – іх каля дзвюх соцень. Сцэна, крэслы для гледачоў, чароўныя чамаданчыкі – дзяцей тут чакае цуд: у пацешных народна-побытавых сцэнках лялькі ажываюць, пяюць, гуляюць, сябруюць, жартуюць, а пасля іх можна патрымаць у руках.
Батлеечны тэатр жыве на Беларусі з XVI стагоддзя, ён быў вельмі распаўсюджаны на Полацкай зямлі, існаваў нават пры Езуіцкім калегіуме. У батлейцы захавалася мудрасць беларускага народа, гэта тое, чым мы можам ганарыцца.
– Батлейка – унікальная культурная з’ява, – тлумачыць Андрэй Рэцікаў. – Традыцыя інсцэніраваць біблейскія сюжэты з дапамогай лялек зарадзілася ў Італіі, распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і ўвабрала ў сябе нацыянальныя асаблівасці кожнага народа. Батлеечны тэатр жыве на Беларусі з XVI стагоддзя, ён быў вельмі распаўсюджаны на Полацкай зямлі, існаваў нават пры Езуіцкім калегіуме. У батлейцы захавалася мудрасць беларускага народа, гэта тое, чым мы можам ганарыцца.
Андрэй Рэцікаў, які, дарэчы, у 2018 годзе быў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры», да таго ж рэканструюе старадаўні тып лялечнага тэатра «Віцебскі жлоб», папулярны ў Віцебскай губерні ў XVIІІ — ХІХ стст. – калі батлейшчык запальвае свечку, і выявы лялек з'яўляюцца на сценцы (тэатр ценяў).
Удзельнікі «КапелюШа» паказваюць спектаклі для дзяцей і дарослых, ладзяць выставы лялек (яны праходзілі ў Траецкім прадмесці ў Мінску, Ракаве і іншых гарадах краіны), праводзяць тэатральныя ўрокі для малодшых школьнікаў, дзе дзеці даведваюцца пра гісторыю развіцця батлеечнага тэатра ў Беларусі.
На працягу дзесяці гадоў дапамагае Андрэю Рэцікаву з дэкарацыямі і лялькамі майстар народных рамёстваў па лапікавым шытве Галіна Акуцёнак.
– Мне пашанцавала супрацоўнічаць з гэтым унікальным чалавекам, такіх больш няма ў Беларусі. Ён займаецца гэтай справай шмат гадоў, добра ведае тэму батлеечнага тэатра, выгляды лялек. А я вырабляю адзенне для іх – гэта мая самая любімая работа, – суразмоўніца паказвае зробленых ёю лялечных персанажаў.
Краўчыха ў мінулым, жанчына зараз таксама кіруе клубам лапікавага шытва «Колеры», а таксама стала спецыялістам па беларускай абрадавай ляльцы. Яна разам з вучнямі ўдзельнічае і перамагае ў розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах па лапікавым шытве, у тым ліку была пераможцай абласнога конкурсу па вырабе тэкстыльнай лялькі, які праходзіў у рамках «Славянскага базару ў Віцебску – 2021». Майстрыца таксама вырабляе анучныя лялькі. У яе калекцыі – цацкі на ўсе выпадкі жыцця: Макрыдзіна (для зазывання дажджу), Ярыла (на цёплае надвор’е), Дамавушка (каб вадзіліся грошы), лялькі-зачуры на ўдалы шлюб ці цяжарнасць, купальскія, вясельныя, калядныя і інш. Гэтыя вобразы-талісманы можна ўбачыць у Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры, вырабы майстроў-рамеснікаў установы – на гарадскіх кірмашах і святах.
Фота Ірыны КАЛДУНЕНКІ.