Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Рэдкае выданне дзвюх паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» захоўваецца ў бібліятэцы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны

Брашура, якая мае 28 старонак, была падрыхтавана Дзяржаўным выдавецтвам БССР у лютым 1945 года і пабачыла свет праз два месяцы ў друкарні імя Сталіна па адрасе г. Мінск, вуліца Пушкіна, 55. Такім чынам, яшчэ ішла вайна, але ўжо выдавалася мастацкая літаратура, каб напоўніць падарваную ліхалеццем матэрыяльную базу ўстаноў культуры і адукацыі.

Тыраж скаладаў 25 тыс. экземпляраў. А рэдактарам выдання пазначаны Міхась Клімковіч – будучы аўтар Дзяржаўнага гімна БССР. У прадмове ён расказвае пра гісторыю сатырычных паэм першай паловы ХІХ ст. і паведамляе, што «Энеіда» друкуецца па аб’яднанай рэдакцыі, у аснову якой пакла­дзены тэкст, апублікаваны Яўхімам Карскім, а «Тарас на Парнасе» – паводле «Нашай Хаты» з невялікімі зменамі, якія выйшлі ў зборніку Акадэміі навук БССР «Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя» (Мінск, 1940 г.).

Як паведаміла дырэктар бібліятэкі Святлана Барадулькіна, тады было закуп­лена дванаццаць экземпляраў брашуры. Той, што захаваўся, мае інвентарны нумар 444. Гэта значыць, што вясной 1945-га ў бібліятэцы ветінстытута не было і паўтысячы кніг (зараз кніжны фонд больш за 780 тыс.). Зборнік захоўваецца ў фондзе рэдкай кнігі, у якім знаходзіцца каля 7 тыс. даваенных і дарэвалюцыйных выданняў – у асноўным спецыялізаваных перыядычных.

Дарэчы, у бібліятэцы ветакадэміі ёсць экземпляр «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» 1953 года выдання. Кніга мае цвёрдую вокладку і выйшла неверагодным па сённяшніх мерках тыражом – 75 тыс. Два гады таму яе падарыла супрацоўніца бібліятэкі Іна Марозава.

Доўгі час паэмы лічыліся ананімнымі. Найбольш верагодна, што аўтарам «Энеіды» з’яўляецца смаленскі памешчык, удзельнік вайны 1812 года Вікенцій Равінскі. У 1973-м літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў правёў даследванне і прыйшоў да высновы, што аўтар «Тараса на Парнасе» – Канстанцін Вераніцын. У далейшым гэты пункт гледжання падтрымала навуковае таварыства.

Цяпер кожны беларускі школьнік ведае ўраджэнца вескі Астраўляны Гарадоцкага раёна Канстанціна Вераніцына і яго незабыўныя радкі:

Ці знаў хто з вас,

браткі,

Тараса,

Што палясоўшчыкам

служыў?

На Пуцявішчы,

у Панаса,

Ён там ля лазні

блізка жыў.

Фота Сяргея ЛЯШУКА.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ