Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прадставіў сваё мастацтва на IX Міжнародным тэатральным фестывалі «Любовь, что движет солнце и светила» ў Навашахцінскім драматычным тэатры імя народнага артыст СССР М.І.Бушнова. Гледачы выказалі шчырае захапленне спектаклем «Дзеці. Вёрсты» А.Казюханава паводле твораў Якуба Коласа, эмацыйнай глыбінёй і майстэрствам артыстаў. Пастаноўка стала сапраўднай падзеяй фестывалю, што пацвердзілася і ўзнагародамі.
Спектакль «Дзеці. Вёрсты» ўзнагароджаны дыпломам «Прыз глядацкіх сімпатый». Выканаўца ролі Кабеты вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч адзначана дыпломам імя народнага артыста СССР М.І.Бушнова «За лепшую жаночую ролю». Спецыяльнымі дыпломамі журы фестывалю «За высокую місію служэння тэатру» ўзнагароджаныя Раіса Грыбовіч і Генадзь Гайдук, выканаўца ролі Станцыйнага наглядчыка, уладальнік медаля Францыска Скарыны.
Намеснік міністра культуры Растоўскай вобласці Паліна Конашава перадала дырэктару тэатра Юліі Харкевіч прывітальны адрас ад міністра культуры рэгіёна Ганны Дзмітрыевай. Тэатру таксама быў уручаны ліст падзякі адміністрацыі Навашахцінска.
У выніку абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва было падпісана пагадненне пра творчае партнёрства паміж Навашахцінскім драмтэатрам і тэатрам імя Якуба Коласа. Гэта стала яшчэ адным доказам таго, што мастацтва і тэатральнае братэрства не ведаюць межаў. Культурны дыялог стане трывалай асновай для плённага супрацоўніцтва.
Аляксандр Замкоўскі, вядучы рэдактар НАДТ імя Якуба Коласа. Фота з архіва тэатра.