Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

У Алашках Шаркаўшчынскага раёна прайшоў фэст, прысвечаны земляку селекцыянеру Івану Сікоры

У сярэдзіне жніўня ў пару яблычнага Спаса ў Шаркаўшчынскім раёне прысвячаюць земляку селекцыянеру Івану Сікоры свята народнай творчасці. З года ў год яно набірае ўсё большую папулярнасць, збірае ў Алашках людзей апантаных, дзякуючы якім жывуць традыцыі, не забываюцца падзеі і людзі, што пакінулі след на роднай зямлі. Да такіх належыць і Іван Сікора – садавод-селекцыянер, які вывеў дзясяткі сартоў пладовых дрэў і дзякуючы каму яблык стаў брэндам Шаркаўшчынскага краю. У Алашках яму ўстанавілі помнік і такім чынам паставілі невялікую вёсачку ў адну шарэнгу з Масквой і Новасібірскам, Курскам і Ульянаўскам, Іжэўскам і Элістай, дзе гэтак жа ўшанаваны плод.

Свята, прымеркаванае да часу выспявання садавіны і гародніны — яблычнага спаса, адбылося і сёлета. Пачалося ў Алашках фэстам ”Прыгожы край квітнеючага саду“.

Па колькасці разгорнутых тэматычных пляцовак адчувалася, што да народнага гуляння рыхтаваліся работнікі культуры, рамеснікі, гандляры і самі вяскоўцы. Праўда, некалі даволі вялікі населены пункт паменьшаў на сядзібы і жыхароў. Карэнных засталося менш дзясятка чалавек, удвая больш дачнікаў. Але і гараджане ўжо не менш мясцовых ганарацца месцам, дзе жывуць летам. Самі прыехалі ў Алашкі загаддзя і прывезлі з сабой сваякоў і знаёмых. Скарысталі магчымасці бязвізавага ўезду і нашчадкі тых, чыя карані ў алашкаўскай зямлі – цяперашнія жыхары Літвы і Латвіі, за што, дарэчы, беларускія прыбалты асабліва дзякавалі нашаму Прэзідэнту.

- Падсілкуемся моцай роднай зямлі,— казала кабета ў гадах, абдымаючы старое дрэва ля прыдарожнага дома, - і паедзем назад.

Абвестка ж на сцяне таго дома паведамляла, што тут знаходзіцца музей І.П.Сікоры. Яго загадчыца Наталля Перхуровіч з радасцю сустракала кожнага, хто адчыняў дзверы дома Івана Паўлавіча, была гатова гадзінамі расказваць пра яго лёс, цікавыя эпізоды жыцця. Пра тое, напрыклад, як у час службы ў царскай арміі ў Хабараўскім краі захапіўся садаводствам, як завязаў перапіску з Львом Талстым, атрымаў ад пісьменніка яго партрэт і кнігі, як вярнуўся дахаты і заклаў свой вялікі сад і адным з першых у Еўропе распрацаваў метады лячэння і амалоджвання пладовых дрэў, пра тое, якой няпростай была дарога да афіцыйнага прызнання яго лепшага сорта, названага ў гонар стваральніка - “Памяці Сікоры”…

У музей зазіралі самыя цікаўныя і тыя, хто шукаў прахалоду ў спякотны жнівеньскі дзень. А на вуліцы стаяў гоман. Рамеснікі дэманстравалі свае вырабы, вучылі сакрэтам рамяства жадаючых, гандляры прапаноўвалі свой тавар. Пахам яблык было напоўнена паветра. Ужо хацелася пасмакаваць тых пладоў. Але па царкоўнай традыцыі належыла перш іх асвяціць. Калі гэта было зроблена, захрумсала яблыкі дзятва, услед дарослыя. Свята загучала песнямі, жартамі, заіскрыла яркімі ўборамі.

Людскі ручаек цек па вуліцы ад аднаго майстра да другога, прыпыняў рух ля выставы карцін, напісаных мастакамі – удзельнікамі пленэру ў наваколлі Германавічаў і, ўпершыся ў імпразаваную сцэну, спыняўся.

Гасцей вітаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. Ён нагадаў прысутным імя чалавека, чыю памяць шануюць на свяце землякі, пажадаў міру і спакою кожнаму дому, шчасця і кахання кожнай сям’і.

Слова далі і кандыдату мастацтвазнаўства, дацэнту кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, сябру Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Міхаілу Цыбульскаму, які ад імя мастакоў — удзельнікаў пленэру падзякаваў прысутным за памяць пра сваіх землякоў, і за тое, што берагуць гісторыю народа. А яны свае адзінства з сусветам, з роднай зямлей выказвалі кладучы на палатно фарбы, якія стваралі ўзор дывана-маляванкі – сумеснай работы, пачатай яшчэ летась на такім жа свяце. Добраму настрою спрыялі і самадзейныя артысты, якія падарылі ўдзельнікам фестывалю вялікі канцэрт.

Ён прадоўжыўся ў Шаркаўшчыне, у гарпасялковым парку, дзе надвячоркам адбылася другая частка свята з песнямі, забавамі, гульнямі і пачастункамі.

Фота Алены АНАНІЧ


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ