Практычна ў кожнай школе Докшыцкага раёна аформлены этнаграфічныя куткі. А вось этнаграфічны музей «Спадчына» толькі адзін – у Глінскай сярэдняй, дзе дырэктар Ірына Дземідовіч. Заснаваны 25 гадоў назад настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Лідзіяй Маркавец (зараз на заслужаным адпачынку), ён увесь гэты час служыць патрыятычнаму выхаванню дзяцей, якое немагчыма без развіцця цікавасці да мінуўшчыны, павагі да працавітых і таленавітых продкаў.
З цягам часу экспазіцыю перамясцілі са школьнага будынка ў асобную драўляную хатку на двары. Яна змяшчае паўтысячы рэчаў сялянскага побыту, назбіраных падчас вучнёўскіх пошукавых экспедыцый, якія звычайна ладзяцца па вёсках летам.
– Калі бачу, што дзе-небудзь на сядзібе валяецца без патрэбы арыгінальная старая рэч, гатова абмяняць яе на сучасную, толькі б аддалі ў наш музей, – кажа сённяшні яго кіраўнік, настаўніца пачатковых класаў Людміла Асіповіч.
Нядаўна з вёскі Варганы, дзе здавён жывуць гаспадарлівыя і майстравітыя людзі, прывезены самаробныя лыжы – шырокія, незаменныя снежнай зімой для леснікоў, дрывасекаў і паляўнічых. У вёсцы Зарачыцк знайшлі ўручную выштукаваны льняны касцюм сялянкі – доўгія ніжняя кашуля і спадніца. Уражваюць якасць даматканага палатна, проста ювелірнаяакуратнасць шытва. Можна толькі пазайздросціць умельству і цярпенню, якімі ў рукадзеллі павінна была валодаць раней кожная сялянка. Таленавітыя майстрыцы з вёсак Шалагіры, Гліннае, Хмялёўшчына расказалі школьнікам пра сваё ўмельства, паказалі зробленыя імі рэчы, некаторыя з якіх падарылі для музея.
– Доўгі зялёны палавік сатканы Клаўдзіяй Васільеўнай Загорскай. Мяне да слёз уразіла, як беражліва захоўвала яго гаспадыня шмат гадоў, увязаўшы ў некалькі столак тканіны. А Леаніда Пятроўна Дземідовіч – адметная вышывальшчыца. Адна бабулька аддала саматканае льняное палатно. Каб сабраць камплекты характэрных для Бягомльшчыны сялянскіх строяў – дарослых жаночага з мужчынскім і пакуль яшчэ не поўнасцю – дзіцячага, прасілі ўмельцаў сплесці саламяны капялюш, саткаць пояс. Усім вялікі дзякуй, – працягвае экскурсію Людміла Леанідаўна.
Музей у школьным асяроддзі вядомы не толькі цікавай калекцыяй, але і экскурсаводамі. Яны паспяхова ўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі навучэнскаймоладзі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». У 2010 годзе на рэспубліканскім конкурсе школьных этнаграфічных музеяў першае месца заняла Аліна Дранковіч, зараз студэнтка фізмата Белдзяржуніверсітэта. У 2013-м на рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў музеяў (музейных пакояў) устаноў адукацыі сёлетняя выпускніца школы Карына Навіцкая атрымала дыплом за 1-е месца ў намінацыі «Гісторыя аднаго экспаната». Распавядала пра лапці.
Эх, гулянка на падворку!
Тут пра лапцікі забудзь,
Бо «Лявоніха» і полька
Каго хочаш завядуць.
Зарыфмаваць тэкст пра самы папулярны спрадвеку сялянскі абутак дапамагла настаўніца суседняй Тумілавіцкай СШ і самадзейная паэтка Людміла Салянка. Дарэчы, вершаваная экскурсія і дагэтуль раз-пораз гучыць у сценах музея, напрыклад, падчас тыдня этнаграфіі. У другой конкурснай намінацыі пад назвай «Музей у чамадане» Таццяна Саковіч заняла 3-е месца.
А напаследак нам паказалі экспанат-загадку. Можа, вы, шаноўныя чытачы, ведаеце, што гэта такое?
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА