Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

У «Несцеркi» – юбілей! Знакамітаму спектаклю, візітоўцы Коласаўскага тэатра, споўнiлася 80 год

Напэўна, няма ва ўсім Віцебску такога жыхара, які б не чуў пра вядомы спектакль-доўгажыхар коласаўскага тэатра «Несцерка», пастаўлены ў 1941 годзе па п’есе беларускага драматурга Віталя Вольскага. Вядома ж, галоўнага персанажа нашага спектакля ведаюць і далёка за межамі таго горада, дзе ён нарадзіўся 80 год таму. Яго віталі гледачы Масквы і Пецярбурга, Адэсы і Харкава, Яраслаўля, Запарожжа і Львова.

Прэм’ера адбылася не ў Віцебску 

Першы паказ спектакля (для грамадскасці горада) адбыўся ў Віцебску 18 мая 1941 года. Прэм’ера на шырокага гледача была паказана крыху пазней, на гастролях тэатра ў Петразаводску Карэла-Фінскай ССР. Дарэчы, на 2021-ы прыпала яшчэ некалькі юбілеяў, якія маюць прамое дачыненне да спектакля: 130-годдзе з дня нараджэння рэжысёра-пастаноўшчыка «Несцеркі», заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Навума Лойтара, 120-годдзе вядомага пісьменніка, драматурга, навукоўца Віталя Вольскага і 115-годдзе аўтара музыкі, выдатнага беларускага кампазітара Ісака Любана.

Асабліва вялікі ўплыў на Навума Лойтара аказаў Усевалад Меерхольд. Лойтар быў бліжэйшым паплечнікам майстра па кіраўніцтве тэатрам, ад Меерхольда ён узяў найбольш моцныя грані рэжысёрскай творчасці: прынцып кампазіцыі спектакля, яго знешняга афармлення, сцэнічную выразнасць, экспрэсіўнасць, манеру кампанаваць масавыя сцэны. Разам з тым ён імкнуўся да рэалістычнага вытлумачэння драматычнага твора. Шэраг прынцыповых разыходжанняў з Меерхольдам прымушаюць Навума Барысавіча пакінуць яго і пайсці самастойным шляхам.

У 1940 годзе Лойтар прыязджае ў Віцебск і ўзначальвае БДТ-2. Апрача «Несцеркі» тале-навіты рэжысёр паставіў шэраг тагачасных савецкіх п’ес i рускую класіку. Асаблiва вядомыя спектаклі «Ягор Булычоў і іншыя» Горкага і «Рэвізор» Гогаля.

 Аўтар п’есы Віталь Вольскі меў таксама цікавую біяграфію. Служыў у Чырвонай арміі, быў на фронце, працаваў упаўнаважаным ГПУ, старшым інспектарам Галоўліта і Галоўнага рэпертуарнага камітэта, інструктарам кінафікацыі і членам рэдакцыйнага савета Белдзяржкіно (фактычна стаяў ля самых вытокаў беларускага кінематографа). Потым апынуўся ў Віцебску ў якасці дырэктара мастацкага тэхнікума, пазней – БДТ-2. Праўда, на гэтых пасадах ён знаходзіўся нядоўга, неўзабаве зноў вярнуўся ў Мінск, дзе стаў займацца даследчыцкай работай у Iнстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Напісаў шэраг кніг па краязнаўстве. З’яўляецца аўтарам трох вядомых п’ес: казкі «Чароўная дудка», «Несцерка» і «Машэка» (таксама пастаўленай на коласаўскай сцэне ў 50-я гады).

Песні і рамансы выдатнага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Ісака Любана і па сённяшні дзень добра вядомыя слухачу. Сярод іх – «Бывайце здаровы!», якую ў перакладзе на рускую мову з поспехам выконваў сам Леанід Уцёсаў. За музыку да пастаноўкі «Несцерка» поруч з рэжысёрам Навумам Лойтарам, выканаўцамі цэнтральных роляў Аляксандрам Ільінскім і Цімохам Сяргейчыкам, мастацкім кіраўніком БДТ-2 Паўлам Малчанавым быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй I ступені.

Як пісаў музыказнаўца, аўтар кнігі пра Ісака Любана Дзмітрый Жураўлёў, некаторыя акцёры жартам скардзіліся на тое, што на сцэну драматычнага тэатра «выпадкова» трапіла «сапраўдная опера». Музыка да спектакля з’явілася адным з ключавых складнікаў яго поспеху.

Касцюмы дастаўлялі…гідрасамалётам 

Вельмі цікавая гісторыя пра тое, якім цяжкім шляхам спектакль «Несцерка» прабіўся да гледача. Успаміны пра гэта пакінула ў свой час адна са старэйшых актрыс тэатра Таццяна Бандарчык. Справа ў тым, што прэм’еру ў Петразаводску ў прызначаны дзень не змаглі сыграць па той прычыне, што вагон з касцюмамі прапаў у дарозе. Аказалася, што недзе на далёкай станцыі адбылося крушэнне, і вагон пашкодзiла. Перагрузіць і даставіць касцюмы цягніком можна было толькі на трэці дзень. Тэатру выдзелілі гідрасамалёт, якi наступным вечарам прывадніўся на Анежскім возеры. Прынеслі касцюмы, звязаныя ў клункі, пакамечаныя, падмоклыя. Усіх мабілізавалі прасаваць, сушыць, і неўзабаве спектакль пачаўся. Прыём быў надзвычайны. Гледачы доўга не разыходзіліся, віншавалі. З нязменным поспехам спектакль прайшоў некалькі разоў. Пазней ён паказваўся ва Уральску, дзе наш тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі, а таксама ў Арэхава-Зуеве. Дык вось там яго пабачыў Міхаіл Калінін і быў ад яго ў захапленні. Магчыма, гэты факт і паспрыяў таму, што ў 1946 годзе стваральнікі «Несцеркi» былі ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй.

Такія непадобныя героі 

Вядома, што за 80 год у спектаклі змянілася некалькі складаў выканаўцаў. Першы трымаўся даволі доўга, амаль чвэрць стагоддзя. У ім былі заняты такія карыфеі беларускага тэатра, як Аляксандр Ільінскі (Несцерка), Цімох Сяргейчык (шкаляр Самахвальскі), Яніна Глебаўская (Мальвіна), Анатоль Шэлег (Юрась) і Зінаіда Канапелька (Наста).

У пачатку 60-х гадоў адбылася змена пакаленняў, і ў цэнтральнай ролі амаль да апошніх дзён свайго жыцця стаў выступаць народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Потым Несцерку выконвалі народны артыст Беларусі Яўген Шыпіла, заслужаны артыст Беларусi Валянцін Салаўёў. Цяпер вострага на язык, вясёлага, свойскага беларуса іграе Пятро Ламан.

Наста ў выкананні народнай артысткі Беларусі Зінаіды Канапелькi была сапраўднай лірычнай гераіняй, пяшчотнай, тонкай, з доўгай светлай касой, прыгожым голасам. У яе наступніцы Людмілы Заграбельнай яна была дзяўчынай бойкай, здольнай пастаяць за сябе. У Святланы Жукоўскай Наста атрымалася вясёлай і гарэзлівай, у Наталлі Аладкi – сумнай і задумлівай. Маладая актрыса Юлія Цвікі падкрэслівала ўпарты характар Насты, цэльнасць яе натуры. Тонкім лірызмам адрозніваецца вобраз, створаны сучаснай выканаўцай Ульянай Ацясавай.

Першым выканаўцам ролі яе каханага Юрася быў народны артыст Беларусі Анатоль Шэлег. Ён іграў гэткага ліхога вясковага прыгажуна. У Пятра Ламана, зацверджанага на гэтую ролю ў 70-я гады, атрымаўся менш рашучы, больш меланхалічны герой. Унутрана цэльнага, моцнага і мэтанакіраванага хлопца іграе сёння Арцём Блахін.

Рэканструкцыя спектакля 

У 2006 годзе колішнім мастацкім кіраўніком тэатра Віталем Баркоўскім і галоўным мастаком Пятром Анашчанкам была зроблена капітальная рэканструкцыя спектакля. Пад гэта быў вы-дзелены адмысловы прэзідэнцкі грант. У тым жа годзе спектакль быў паказаны на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Яра-слаўлі, дзе атрымаў вельмі цёплыя водгукі гледачоў і прэсы. На сёння «Несцерка» сыграны больш за шэсцьсот разоў. Звычайна спектаклем адкрываюцца кожны тэатральны сезон, самыя адказныя гастролі.

Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар НАДТ імя Якуба Коласа.
Фота з архіва тэатра.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ