З нецярпеннем чакала паездку на востраў Манастыр, дзе ўжо заканчвала працу археалагічная экспедыцыя. Прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Цэнтр рэгіянальнага развіцця “Браслаў” Алена Шэўчык параіла пагаварыць з кіраўніком археалагічных даследаванняў загадчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Сахарава БДУ Мікалаем Плавінскім, каб з першых вуснаў пачуць пра вынікі экспедыцыі.
Менавіта іх і хацелася ведаць. Адна справа напісаць пра тое, што ў Браслаў прыехалі навукоўцы і валанцёры з розных куткоў Беларусі, іншая – дачакацца рэзультатаў, магчыма, сенсацый і артэфактаў, таго, што прыцягне ўвагу да вострава арганізацый і людзей, зацікаўленых у адраджэнні гэтых мясцін. Такую надзею маюць і заснавальнікі цэнтра “Браслаў”, якія і сталі ініцыятарамі экспедыцыі, сабралі на яе правядзенне сродкі і два тыдні апекаваліся яе членамі.
На драўляным чоўне плывём на востраў. За бартом на хвалях плёскаюцца поліэтыленавыя бутэлькі.
– Не хвалюйцеся, не смецце, тлумачыць лодачнік. – Такім чынам дайверы са сталічнага цэнтра “Марскі пегас” пазначылі сваі, на якіх стаяў мост, што злучаў бераг з востравам. Пра іх існаванне цэнтр “Браслаў”ведаў ужо ў мінулым годзе. Драўляныя сваі знайшлі члены віцебскага клуба “Сталкер”. Яны ж вызначылі, што пад востравам ёсць пустоты. Але гэта тэма будучых даследаванняў. “Пегасаўцы” пацвердзілі наяўнасць свай, памецілі іх, зрабілі спіл з адной і адправілі ў сталічную лабараторыю. Па ўзросце дрэва можна будзе дакладней вызначыць час заснавання базыльянскага манастыра.
Паводле існуючых звестак, закладзены ён быў у ХV стагоддзі на востраве возера Неспіш, які з берагам злучалі два масты. Быў вядомы сярод вернікаў абразом Маці Божай, які з даўніх часоў лічыўся цудадзейным.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў сцвярджае, што пабудовы на востраве былі драўлянымі і, па сведках летапісцаў, на канец XVIII ст. лядашчымі. Манастырскі комплекс уключаў царкву, званіцу з трыма званамі, сам манастыр, дзе жылі манахі, кухарскі флігель, вяндлярню, ляднік і хлеў. Кляштар быў цалкам знішчаны пажарам у 1831-м (па некаторых звестках — 1832-м) годзе. Прычыны бедства невядомыя. А вось абраз Маці Божай Браслаўскай не пацярпеў ад пажару, бо, верагодна, быў вывезены ў Вільню.
Мікалай Плавінскі і раней не раз праводзіў археалагічныя раскопкі на Браслаўшчыне, ведаў і Манастыр. Таму ставіў перад экспедыцыяй задачу вызначыць характар культурнага слоя, фундамент манастырскіх пабудоў, пажадана самых ранніх, а таксама месцы пахавання манахаў.
Прычалілі да берага вострава, узняліся на пагорак, і вачам адкрыліся раскопкі, у якіх шчыравалі больш за 20 чалавек, маладых і сталых. Праз спіны валанцёраў убачылі частку чалавечага шкілета. Косткі беражліва падкопвалі садовай лапаткай і ачышчалі пэндзлем хлопец і дзяўчына. Выбраны пясок прасейвалі, дакладней, праціралі. Глеба на востраве цяжкая, гліністая ды яшчэ была прамочаная дажджом.
– Можам дакладна пацвердзіць звесткі папяровых крыніц пра час заснавання манастыра, тое, што ён сапраўды згарэў, прасачыць перыяды існавання па калекцыі знойдзеных манет, самая ранняя з якіх датуецца 1547 годам. Знойдзены і падмуркі будынкаў, хутчэй за ўсё закладзеных у канцы XVIII – пачатку XIX ст. Ёсць кераміка, шкло, будаўнічыя матэрыялы, – расказаў Мікалай Плавінскі. І паказаў самыя цікавыя з гістарычнага пункту гледжання рэчы: манеты, пацерку ружанца, зашпільку. Знаходкі чакаюць апісання і свайго месца ў фондах музеяў.
Археолагі спадзяюцца вярнуцца на востраў у наступным годзе. Сёлетнія раскопкі кансервуюць, каб працягнуць будучым летам. Так, завершыць справы жадае маладая даследчыца Вікторыя Макоўская, якая правяла разведку магчымых археалагічных помнікаў вакол возера Абаб’е і лічыць, што знайшла паселішча позняга і сярэднявечнага перыяду.
– Мяркую, што ўжо ў бліжэйшы час востраў Манастыр можа стаць цікавым турыстычным аб’ектам, – адзначыў Мікалай Плавінскі.
– А мы спадзяёмся знайсці аднадумцаў і спонсараў, каб паставіць макет манастыра, інфармацыйныя шчыты, якія будуць расказваць пра яго гісторыю. Вучні браслаўскіх мастакоў Міхаіла і Галіны Ставіцкіх тры дні жылі ў асяродку членаў экспедыцыі, на паперы і з дапамогай прыродных матэрыялаў перадавалі сваё бачанне вострава і пабудоў на ім. Так разам і будзем рабіць з помніка археалогіі турыстычны аб’ект, які прыцягне сюды мноства людзей, – агучыла свае надзеі Людміла Шэўчык.
Фота Тамара Пашкевіч.