Складальнік зборніка былы рэдактар газеты «Міёрскія навіны» Леанід Матэленак аб’ёмістае выданне з 476 старонак называе хрэстаматыяй, бо змяшчае яно кароткія біяграфічныя звесткі пра аўтараў паэтычных і празаічных твораў, а таксама найбольш вядомыя з іх ліку.
У зборніку шэсць раздзелаў і эпілог. Першы — «Абуджаная памяць» — прысвечаны кнігам, якія мае музей СШ № 3. Іх аўтары — пераважна мясцовыя творцы першай хвалі, храналагічна ад Тэклі Урублеўскай да Яна Гушчы. У дадатак — напамін пра землякоў, выпускнікоў Дзісненскай гімназіі, што пакінулі след на Міёршчыне. Сярод іх французскі паэт Гіём Апалінэр, святар Адам Станкевіч, партызан Барыс Макавейчук.
Самы грунтоўны раздзел — «Не зарасці пракладзенаму следу» — пра членаў творчых саюзаў. Ён змяшчае пад сотню твораў 26 аўтараў. Гэта Алена Басікірская, Наталля Бучынская, Мікалай і Славамір Даргелі, Галіна Загурская, Аляксей Кавалевіч, Алена Масла, Сяргей Панізнік, Ірына Радзіхоўская, Пятро Сіняўскі, Франц Сіўко, Тамара Яцкевіч…І ў ім ёсць напамін пра землякоў, што праславіліся за мяжой: Рышарда Курыльчыка, Уладзіміра Драбу, Станіслава Кажана…
Самы вялікі раздзел — «Звініць, пяе «Ручаёк»: 33 аўтары і амаль 280 твораў.
Не абмінуў аўтар кнігі і тых, хто аказаўся «Лёсам далучаным» да літаратурнай гісторыі Міёрскага краю. У гэтым раздзеле названа 12 прозвішчаў ад Сімяона Полацкага да Генадзя Цітовіча, Язэпа Драздовіча, Арсеня Ліса, Еўдакіі Лось, Яўгеніі Янішчыц.
Мяркуючы па тым, што некалькі дзясяткаў міёрцаў ужо выказалі жаданне прыдбаць выданне, цікавасць да яго ў чытачоў ёсць.