У этнаграфічным музейным пакоі Студзёнкаўскай дзіцячага сада – сярэдняй школы Сенненскага раёна сабраны дзясяткі экспанатаў, якія сведчаць пра побыт продкаў.
У свой час тутэйшыя населеныя пункты былі шматнацыянальнымі. Напрыклад, у вёсцы Івоні побач з беларусамі жылі стараверы, палякі і літоўцы, рэчы якіх таксама ёсць у экспазіцыі. У прыватнасці, цікава выглядае літоўская пралка: у адрозненне ад нашай яна мае гарызантальную канструкцыю. Наведвальнікі музея могуць убачыць сапраўдную саху, драўляную біклагу, у якой насілі ваду на сенакос ці жніво, лапці рознага тыпу. Юным экскурсантам адкрыецца значэнне многіх забытых слоў. Рыдзель – драўляная лапата, абабітая металічнымі пласцінамі для копкі зямлі. Склюды – спецыяльныя сякеры завостраныя з аднаго боку, каб абцясваць броўны.
Сярод экспанатаў сваёй даўжынёй вылучаецца труба пастуха. Па просьбе кіраўніка музея Аляксандра Стрыжнёва яе па старой тэхналогіі зрабіў Аляксандр Бакуноў, які ўсё жыццё адпрацаваў пастухом. Ён узяў арэшыну, раскалоў уздоўж на дзве часткі і ложкарэзам вычысціў нутро. Потым аб’яднаў дзве паловы, абкруціўшы іх бяростай. Раней скот пасвілі выключна ў лесе, пастух перыядычна падаваў сігналы, каб жывёла не адбілася ад статка і не заблукала. На ноч горн клаўся ў начоўкі з вадой, бо перасохлы інструмент дрэнна гучаў. Кожная труба мела свой голас, да якога прывыкалі жывёлы, і была своеасаблівым ахоўным абярэгам для статка. Таму пастух адносіўся да яе як да галоўнага помочніка і бярог як самую вялікую каштоўнасць.
Фота аўтара.